Палітвязьня Кунцэвіча асудзілі за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»
39-гадовага палітвязьня Паўла Кунцэвіча трымаюць за кратамі амаль два з паловай гады. У студзені 2024 году яго асудзілі на чатыры гады калёніі за «заклікі да санкцыяў ці іншых дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі» паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.
А ў 2025 годзе Паўла прызналі вінаватым паводле арт. 411 КК «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Яму прызначылі яшчэ восем месяцаў зьняволеньня ў дадатак да папярэдняга прысуду, піша @dissidentBY.
На сёньня ня менш за 73 палітвязьні асуджаныя паводле арт. 411 КК. Гэты артыкул стаў адным з найбольш цынічных інструмэнтаў ціску на палітычных зьняволеных у Беларусі, пішуць праваабаронцы «Вясны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 9 лютага: дызайнэрку асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»Асудзілі фатографку з Баранавічаў
Паліну Верамяйчук у Берасьцейскім абласным судзе пакаралі паводле частак 1 і 2 арт. 361‑4 КК «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Вядома, што ёй прысудзілі «хатнюю хімію», піша «Наша ніва».
З адукацыі Паліна фінансіст, скончыла факультэт фінансаў і банкаўскай дзейнасьці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Але сваё жыцьцё зьвязала з творчасьцю. Яна вядомая як фатографка, здымала ў Баранавічах і Менску.
У Паліны ёсьць муж і зусім малое дзіця.
У сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў улады дадалі 23 рэсурсы
- Кадровый резерв для новой Беларуси (Facebook)
- Наста Роўда / nastarouda (Instagram)
- Серега Серегин (Facebook)
- Серега Серегин (Threads)
- Суполка беларусаў Франкфурта / Belarusen aus Frankfurt (Facebook)
- Татьяна Мартынова (TikTok)
- accidentalpresident2024 (Instagram)
- Alexander Fruman / Александр Фруман (Facebook)
- belarusa.official (Instagram)
- free_us_2024 (Instagram)
- hadzinski (Instagram)
- hudovich_alex (Instagram)
- jauhienkaraulau (Instagram)
- lautsevich (Instagram)
- mentusova (Instagram)
- padpolszczyki (Instagram)
- personnel_reserve (Instagram)
- ptulhu.рl (Instagram)
- radekpusko (Instagram)
- theothersby (Instagram)
- Vasil Labanok (Facebook)
- youtube_blr (Instagram)
- 20_belarus_20 (Instagram)
Прычым Instagram-старонку журналісткі Насты Роўды прызналі «экстрэмісцкай» двойчы. 5 лютага гэта зрабіў суд Савецкага раёну Менску, а 6-га — суд Пухавіцкага раёну, паведаміла «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 лютага: асуджаных у справе «дваровых чатаў» унесьлі ў сьпіс «экстрэмістаў»Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».