Улады Ўзбэкістану хочуць караць штрафамі і арыштамі за мацюкі ў сацсетках

Паседжаньне ў ніжняй палаце ўзбэцкага парлямэнту, архіўнае фота

Законапраект аб штрафах і арыштах за выкарыстаньне нецэнзурнай лаянкі ў інтэрнэце, у там ліку ў сацыяльных сетках, прайшоў першае чытаньне ў ніжняй палаце парлямэнту Ўзбэкістану, перадае Ўзбэцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на заяву палаты.

Парушальнікам пагражаюць штрафы на суму да 5 млн сумаў (каля 400 даляраў) або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 10 сутак.

Віцэ-сьпікер ніжняй палаты парлямэнту Алішэр Кадыраў заявіў, што адной толькі культурна-асьветніцкай працы для «выкараненьня невуцтва» ўжо недастаткова, таму такія меры робяцца непазьбежнымі.

Згодна з працэдурай, законапраект павінен быць разгледжаны дэпутатамі яшчэ ў двух чытаньнях, пасьля чаго яго накіруюць на ўхваленьне ў Сэнат і на подпіс прэзыдэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пасьля футболу: «Які Саюз, б...і, развалілі». Фрагмэнты кнігі Алега Грузьдзіловіча