Як адзначаецца на сайце біржы, стартавую цану аб’екту вызначылі ў 90 рублёў зь першым крокам таргоў у 4 рублі 50 капеек. Заявы на ўдзел у аўкцыёне прымаюць до 6 сакавіка 2026 году.
Ацэначны кошт на 1 сьнежня 2024 году склаў 41 064,43 рубля, а рынкавы (на 28 лістапада 2024 году) — 255 тысяч рублёў.
Новаму ўласьніку прапануюць будынак палацу плошчай больш за 1 527 квадратных мэтраў. Зямельны ўчастак плошчай 0,4137 гектара перададуць у арэнду да 28 лістапада 2072 году. Шматгадовую расьліннасьць на ўчастку перададуць бясплатна.
Пасьля набыцьця аб’екту новы ўласьнік мусіць падпісаць ахоўныя абавязаньні.
Палац ужо прадавалі ў 2022 годзе — тады яго набыў грамадзянін Расеі. Праз невыкананьне інвэстыцыйных умоваў палац у яго адабралі і ў 2025 годзе зноў выставілі на продаж з стартавай цаной у 296 064 рублі.
Што вядома пра палац
Палац пабудаваў у 1751 годзе Мікалай Фаўстын Радзівіл. З канца XVIII стагодзьдзя палац належаў Солтанам. За ўдзел Солтанаў у паўстаньні 1831 году царскія ўлады сканфіскавалі іхную маёмасьць. У другой палове XIX стагодзьдзя палац выкарыстоўвалі як казармы для кавалерыі. У пачатку XX стагодзьдзя ў палацы была школа, а ў савецкія часы — раённая лякарня.
Сядзібны комплекс складаўся з мураванага палацу, пэйзажнага парку з круглым вадаёмам з масткамі і павільёнамі. Гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся пры ўезьдзе ў сядзібу з поўдня. З усіх будынкаў захаваўся толькі палац.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь сямі гістарычных аб’ектаў Беларусі, выстаўленых на аўкцыён, змаглі прадаць толькі два