Сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў лічыць сам фармат удалай ідэяй, бо Ціханоўская «няшмат робіць доўгіх выступаў перад беларусамі, глыбока пагружанымі ў палітычныя пытаньні», а інтэрвію звычайна не дазваляюць закранаць складаныя тэмы.
Разам з тым ён адзначае і сыстэмную праблему: Каардынацыйная рада ня мае рэальных рычагоў уплыву на Аб’яднаны пераходны кабінэт або саму Ціханоўскую. «Ад адсутнасьці гэтай прымусовай сілы падае вельмі моцна матывацыя падрыхтоўкі да гэтых слуханьняў», — кажа Краўцоў у інтэрвію Радыё Свабода.
На яго думку, больш шырокае пытаньне — будучыня ўсёй структуры беларускіх дэмакратычных сілаў. Краўцоў лічыць, што за апошнія гады сытуацыя істотна зьмянілася: зьявіліся новыя палітыкі, адбываюцца вызваленьні палітвязьняў, трансфармуецца геапалітычны кантэкст. Таму «магчыма, надышоў час, калі дэмакратычныя сілы ў цэлым трэба перафарматаваць».
Ён падкрэсьлівае, што гаворка не пра зьнікненьне Сьвятланы Ціханоўскай з палітычнай сцэны: «Яна дакладна ня зьнікне, яна самая вядомая беларуска за мяжой». Аднак, на яго думку, насьпела патрэба ў больш гарызантальных структурах замест цяперашняй пераважна вэртыкальнай мадэлі арганізацыі.
Разважаючы пра магчымыя зьмены ў структуры дэмакратычных інстытутаў, Краўцоў не выключае рэфармаваньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Ён дапускае, што замест цяперашняй «двугаловай вэртыкалі» ў асобе Ціханоўскай і Паўла Латушкі магла б узьнікнуць мадэль, дзе больш цэнтральную ролю адыгрывала б Каардынацыйная рада — напрыклад, з уласным прэзыдыюмам і асобнымі палітычнымі камандамі вакол розных лідэраў.
Такім чынам, галоўны вынік дыскусіі, паводле Краўцова, — разуменьне таго, што беларускаму дэмакратычнаму руху можа спатрэбіцца новы этап арганізацыі і ўзаемадзеяньня, больш гарызантальны і адаптаваны да зьмененых палітычных умоваў.