Тры гады таму абвясьцілі прысуд Анджэю Пачобуту: за кратамі ён ужо амаль 5 гадоў

Анджэй Пачобут, архіўнае фота

8 лютага споўнілася тры гады з моманту прысуду журналісту, грамадзкаму дзеячу і актывісту неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэю Пачобуту.

У 2023 годзе яго засудзілі да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Журналіста затрымалі 25 сакавіка 2021 году. Яму выставілі абвінавачаньні, зьвязаныя, у тым ліку, з артыкулам пра савецкае ўварваньне ў Польшчу ў 1939 годзе і выказваньнямі ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі. Прысуд вынесьлі за «распальваньне варожасьці» і «заклік да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы».

Пасьля прысуду Пачобут адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1. Былыя зьняволеныя сьцьвярджаюць, што яго амаль пастаянна трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу. Адзін зь іх узгадваў, што бачыў журналіста толькі раз — выпадкова: ён выглядаў «схуднелы, змарнелы, але спакойны», гаварыў упэўнена і разважліва. Іншы былы вязень адзначаў, што супрацоўнікі калёніі называюць яго проста «паляк» і стараюцца абмяжоўваць інфармацыю пра яго сярод іншых зьняволеных.

Паводле знаёмых сям’і, Пачобута працяглы час утрымліваюць фактычна бяз сувязі са зьнешнім сьветам — безь ліставаньня і перадачаў; пра стан яго здароўя інфармацыі вельмі мала.

Анджэй Пачобут — журналіст, публіцыст і адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі.

Тэма яго вызваленьня неаднаразова ўздымалася ў польска-беларускіх адносінах, у тым ліку ў кантэксьце магчымых перамоваў і адкрыцьця памежных пераходаў. Польскія ўлады сьцьвярджаюць, што пастаянна дамагаюцца вызваленьня Пачобута. Улады Беларусі, з свайго боку, кажуць, што палякі ня хочуць яго забіраць. Сам Пачобут, паводле розных паведамленьняў, ня хоча пакідаць Беларусь без гарантыі магчымасьці вяртаньня.

У 2025 годзе журналіста ўганаравалі шэрагам міжнародных узнагародаў. 22 кастрычніка Эўрапарлямэнт прысудзіў яму, разам з грузінскай журналісткай Мзіяй Амаглабэлі, прэмію імя Сахарава «За свабоду думкі». А 11 лістапада, у Дзень незалежнасьці Польшчы, прэзыдэнт краіны Караль Наўроцкі ўзнагародзіў Пачобута Ордэнам Белага Арла — найвышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы.

Анджэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў сям’і настаўнікаў у мястэчку Вялікая Бераставіца. Маці Ванда Андрэеўна выкладала хімію, тата Станіслаў Ёсіпавіч — фізкультуру і працу. У сям’і Пачобутаў заўсёды размаўлялі па-польску. Да таго ж у Горадзенскай вобласьці тады можна было глядзець польскую тэлевізію, таму Анджэй добра ведаў польскую мову дзякуючы мультсэрыялам «Пчолка Мая» і «Лёлек і Болек».

У дзяцінстве і юнацтве Анджэй з братам Станіславам захапляліся шахматамі і музыкай. У 1990‑х яны заснавалі гурт Deviation, творчасьць якога мела выразную анархічную афарбоўку (да прыкладу, песьні «Забі мяне, мент», «Твой бацька фашыст», «Тэлепузік Лу-Лу»). Сьпявалі ў асноўным па-беларуску. Стас быў фронтмэнам, а Анджэй — бас-гітарыстам.

У 1998 годзе Анджэй скончыў юрыдычны факультэт Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Цягам трох гадоў выкладаў права ў політэхнічным каледжы і недзяржаўным тэхнікуме права і бізнэсу.

З 2002 году цалкам зьмяніў сфэру дзейнасьці — стаў журналістам. Працаваў у горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», «Głos znad Niemna», быў карэспандэнтам «Народнай Волі», галоўным рэдактарам часопісу Саюзу палякаў «Magazyn Polski na uchodźstwie». З 2006 году Анджэй Пачобут — карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» у Беларусі.

На пачатку 2000-х Пачобут стаў актыўным сябрам Саюзу палякаў Беларусі, расказваў Свабодзе Алесь Зарэмбюк, які сябруе з Анджэем з тых часоў.

«Увесь час Анджэй Пачобут быў супраць гэтага рэжыму. Чалавек сьвядома з студэнцкіх часоў быў актывістам дэмакратычнага руху, потым ангажаваўся ў Саюз палякаў Беларусі.

Яго абурыла, калі ў 2005 годзе на VI зьезьдзе СПБ улады не прызналі выбараў новай кіраўніцы СПБ Анжалікі Борыс, а прызначылі старшынём праўладнага горадзенскага бізнэсоўцу Станіслава Сямашку. Радыкалізавала Анджэя тое, што Лукашэнка фактычна зьнішчыў СПБ. Улады забралі „Польскія дамы“ ў рэгіёнах», — узгадвае Алесь Зарэмбюк.

У студзені 2010 году Анджэй з сотняй мясцовых актывістаў абараняў «Польскі дом» у Івянцы.