Паводле камунальнікаў, «у Менску працуюць 94 адзінкі тэхнікі, 23 сродкі малой мэханізацыі, а таксама 899 дворнікаў і супрацоўнікаў ЖЭУ». На дарогі і ходнікі ўжо высыпана каля 22 тон пяску і солі.
Менчукоў заклікаюць далучацца да змаганьня са сьнегам — шуфлі можна атрымаць у пунктах выдачы. У ЖКГ таксама просяць прыбіраць машыны з праездаў у дварах, каб не перашкаджаць тэхніцы.
Сыноптыкі паведамляюць, што другі тыдзень лютага ў Беларусі будзе марозным і сьнежным. Маразы зьмяняюцца сьнегападамі, а паўночны вецер узмоцніць адчуваньне холаду. Тэмпэратура на 6–8 °C ніжэйшая за норму.
У ноч на панядзелак, 9 лютага, абяцаюць зноў галалёд, уначы ад −14 да −20. Максымальная дзённая тэмпэратура складзе ад — 6 да −13.
Але калі пасьля гэтага надыдзе рэзкае пацяпленьне, Белгідрамэт папярэджвае пра небясьпечную паводку, якая можа стаць «сапраўдным выпрабаваньнем».