Ціханоўская 5 гадзін адказвала на пытаньні Каардынацыйнай рады. Галоўнае

Сьвятлана Ціханоўская падчас слуханьняў Каардынацыйнай рады 7 лютага 2026 году

Сёньня ў Каардынацыйнай радзе адбыліся слуханьні, на якіх выступіла дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская. Асноўныя пытаньні слуханьняў рэзюмуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст, свае ацэнкі даюць палітык Іван Краўцоў і палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

Як адзначыў старшыня Рады Арцём Брухан такі наўпроставы дыялёг адбываўся ўпершыню.

5 гадзінаў Сьвятлана Ціханоўская адказвала на дзясяткі пытаньняў дэлегатаў Рады. Яна адказвала на пытаньні на той мове, на якой яны задаваліся.

Варта вылучыць некалькі блёкаў дыялёгу паміж Ціханоўскай і чальцамі Рады.

Дэмакратычная лідэрка назвала тры хібы ці памылкі дзейнасьці дэмсілаў: плян «Перамога», недапрацоўка яе каманды зь літоўскім грамадзтвам, у выніку чаго літоўцы сталі ставіцца да беларусаў горш, і стыль многіх дыскусіяў у дэмакратычным асяродку, які яна простамоўна назвала «срачам».

На пытаньне, колькі часу яна зьбіраецца ўзначальваць дэмсілы, Ціханоўская адказала: «Пакуль мяне слухаюць беларусы, замежныя партнэры, давяраюць і працуюць — я буду там, дзе знаходжуся». Яна заявіла, што ўладу ў Аляксандра Лукашэнкі павінен забраць прэзыдэнт, абраны на адкрытых і сумленных выбарах. Яна паведаміла, што сама не зьбіраецца ўдзельнічаць у новых выбарах.

Ціханоўская заявіла, што бачыць сваю ролю ў тым, каб узмацняць суб’ектнасьць беларусаў і дэмакратычных сілаў. Яна не разьлічвае, што зьмены ў краіны могуць адбыцца зараз, аднак, паводле яе, яны магчымыя, калі адкрыецца «вакно магчымасьцяў», зьвязанае са зьменамі геапалітычнага становішча, напрыклад, завяршэньня вайны ва Ўкраіне ці зьменаў у Расеі. Паводле яе, ня можа быць пляну пераменаў, але можа быць плян дзеяньняў у крытычнай сытуацыі і такі плян ёсьць у Абʼяднанага пераходнага кабінэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на слуханьнях Каардынацыйнай рады: «Многія ўнутры сыстэмы падзяляюць нашы погляды»

Дэмакратычная лідэрка падрабязна тлумачыла сваю пазыцыю адносна палітыкі ЗША і Эўразьвязу. Паводле яе, новая палітыка прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адносна Беларусі і вызваленьне палітвязьняў — гэта вынік 5-гадовай працы дэмсілаў. Разам з тым яна ня лічыць, што ЭЗ павінен ісьці тым жа шляхам.

«Эўрапейская палітыка непрызнаньня павінная захоўвацца», «Амэрыканскія санкцыі варта здымаць за вызваленьне палітвязьняў, эўрапейскія — за вызваленьне краіны», — сказала дэмакратычная лідэрка.

Яна аспрэчыла тэзу, што блякуе перамовы з рэжымам.

«Я за тое, каб яны былі на пэўных умовах». «Лукашэнка хоча, каб дэмсілы і Эўропа прыпаўзьлі да яго на каленях», — сказала яна.

Былі пытаньні наконт эўрапейскага выбару Беларусі, які дэкляруе дэмакратычная лідэрка. Выступоўцы спасылаліся на дадзеныя апытаньняў у Беларусі, паводле якіх беларусы ў большасьці не падтрымліваюць эўрапейскі выбар і тым больш уступленьне Беларусі ў NATO. На гэта Ціханоўская выказала сумнеў у дакладнасьці вынікаў апытаньняў у сучаснай дыктатуры і адзначыла, што «мэнтальна Беларусь у Эўропе, асабліва моладзь». Яна патлумачыла, што палітыкі і экспэрты дэмсілаў павінныя тлумачыць беларусам перавагі эўрапейскага выбару. Акрамя таго, яна падкрэсьліла, што Беларусі выгадныя ўсе структуры, якія спрыяюць абароне сувэрэнітэту і адной зь іх зьяўляецца Эўразьвяз. Пры гэтым яна дадала, што ніколі не выступала за ўступленьне Беларусі ў NATO.

Шэраг пытаньняў тычыўся фінансаваньня дзейнасьці дэмсілаў і грамадзкай і гуманітарнай дапамогі. Яна патлумачыла, што ні яе офіс, ні Абʼяднаны пераходны кабінэт не разьмяркоўваюць грошы, іх вылучаюць фонды, донары. Пры гэтым яна сказала, што кіраўніцтва дэмсілаў не трапляе ў залежнасьць ад заходніх урадаў, якія кантралююць фонды. Яна адмовілася адказаць на пытаньне аб заробках супрацоўнікаў офісу.

Ціханоўская станоўча выказалася пра выбары ў Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца сёлета ў траўні, але паведаміла, што не чакае высокай яўкі на іх. Паводле яе, гэтыя выбары дазволяць замерыць настроі ў грамадзтве.

Свабода папрасіла даць экспрэс-камэнтары слуханьняў палітыка Івана Краўцова і палітычнага аналітыка Вадзіма Мажэйку.

Іван Краўцоў, сакратар Каардынацыйнай Рады

Іван Краўцоў

— Гэтыя слуханьні былі добрай задумай. У Сьвятланы Ціханоўскай насамрэч няшмат доўгіх выступаў перад беларусамі, якія глыбока пагружаныя ў палітычныя пытаньні. Інтэрвію часта ахопліваюць агульныя пытаньні, цікавыя для аўдыторыі, а глыбінныя пытаньні яны ня могуць ахапіць. Такая форма размова, як слуханьні, гэта дазваляе. Што тычыцца якасьці выкананьня, то асноўная праблема ў тым, што Каардынацыйная рада не валодае ніякай прымусовай сілай у адносінах да Кабінэта ці да Ціханоўскай. Ад адсутнасьці гэтай прымусовай сілы падае вельмі моцна матывацыя падрыхтоўкі да гэтых слуханьняў.

Дэмакратычныя сілы пабудаваныя не на гарызантальным прынцыпе, а на вэртыкальным. У сувязі са зьяўленьнем новых палітыкаў, вызваленьнем палітвязьняў, зьменамі геапалітычнай сытуацыі, магчыма, прыйшоў час, калі дэмакратычныя сілы ў цэлым трэба перафарматаваць. Гаворка не ідзе пра тое, што Ціханоўская кудысьці можа зьнікнуць, яна дакладна ня зьнікне, яна самая вядомая беларуска за мяжой, — але пра тое, што насьпела запатрабаванасьць у больш гарызантальных структурах.

Ціханоўская за 5 гадоў навучылася добра фармуляваць. Пазыцыя яе каманды вельмі прапрацаваная лягічна, яна несупярэчлівая. У такім публічным фармаце, як на слуханьнях, калі доказы не падаюцца, усе ацэнкі абумоўленыя субʼектыўным успрыняцьцем тых, хто слухае.

Само па сабе месца, якое займае Ціханоўская, спараджае пазытыўнае ўспрыманьне. Яна, асабліва ў дыяспары, мае пераважна пазытыўны вобраз, чым нэгатыўны. Больш адчувальнай аўдыторыяй для Ціханоўскай зьяўляюцца заходнія палітыкі. І яе каманда значна больш балюча рэагуе на крытыку ў прысутнасьці заходніх палітыкаў. Крытыка знутры нашай мігранцкай супольнасьці не ўяўляе вялікай праблемы.

— А ці ня ведаеце вы — канкрэтна Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка зьбіраюцца ўдзельнічаць у травеньскіх выбарах у Каардынацыйную Раду?

— Няма такога рашэньня на дадзены момант.

— Няма станоўчага? А адмоўнага?

— Адмоўнага таксама няма.

— Вы сказалі пра перафарматаваньне. А якім яно можа быць, акрамя выбараў у Каардынацыйную раду?

— Кабінэт калісьці стварыўся — можа быць, час Кабінэт неяк перарабіць. Можа быць, гэта было б лепш, чым цяперашняя «двугаловая вэртыкаль» у асобе Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Была б, напрыклад, Каардынацыйная рада з прэзыдыюмам, і была б Ціханоўская асобна і яе каманда, і каманды іншых палітыкаў асобна. І тады б сапраўды цэнтральнай часткай нашага эміграцыйнага апазыцыйнага актывізму стала б Каардынацыйная рада, напрыклад. А цяпер Кабінэт зьяўляецца цэнтральнай часткай, гэта сумесны праект двух самых актыўных палітыкаў эміграцыйнага пэрыяду.

Вадзім Мажэйка, палітычны аналітык, кіраўнік Інстытуту бясьпекавых даследаваньняў імя Касцюшкі

Вадзім Мажэйка

— Слуханьні палітыка выбарчым органам — гэта добра, гэта дэмакратычная традыцыя. Добра, што ў нас такая традыцыя ўсталёўваецца. Яна ўсталёўваецца са складанасьцямі, ва ўсіх розныя чаканьні. Удзельнікі слуханьняў трохі перарывалі адзін аднаго, правілы камунікацыі таксама ўсталёўваюцца не адразу. У цэлым мне спадабалася. У паўнавартасных дэмакратычных парлямэнтах асобныя дэпутаты часам узьнімаюць пытаньні, важныя для іх, але неабавязкова для ўсіх. Таксама часам адны ставяцца лагодна да тых, хто запрошаны на слуханьні, а іншыя спрабуюць падлавіць, скрытыкаваць, задаць маніпуляцыйнае пытаньне. Усё гэта мы бачылі і на сёньняшніх слуханьнях у Каардынацыйнай Радзе. Добра, што абмеркаваньне не засяродзілася на скандалах і на асобах. На мой погляд, падлавіць Ціханоўскую ці выклікаць у яе эмацыйны зрыў ні ў каго не атрымалася, калі такая задума ў некага была.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская на слуханьнях Каардынацыйнай рады: «Многія ўнутры сыстэмы падзяляюць нашы погляды»