Пра гэта паведамляе выданьне Mostmedia са спасылкай на вынікі студзеньскага апытаньня польскага Цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі CBOS.
CBOS штогод высьвятляе стаўленьне палякаў да прадстаўнікоў 21 этнасу. Беларусы знаходзяцца ў канцы сьпісу, горш, чым да беларусаў, палякі ставяцца толькі да ромаў і расейцаў.
Да каго палякі ставяцца лепш за ўсё
Больш за ўсё сымпатыі ў палякаў выклікалі італьянцы (58%), а таксама суседзі — чэхі (55%) і славакі (52%). Далей ідуць ангельцы (49%) і амэрыканцы (47%). Вялікая Брытанія і ЗША — саюзьнікі Польшчы, абедзьве краіны маюць вялікія польскія дыяспары.
Узровень сымпатыяў да беларусаў у апошнія гады зьніжаецца. У 2024 годзе ён складаў 24%, летась — 20%, сёлета — 19%. На стаўленьне да беларусаў уплывае тое, што дзяржава Беларусь заангажаваная ў расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама міграцыйны крызіс на мяжы, які інсьпіраваны беларускімі ўладамі.
Варта адзначыць, што пры зьмяншэньні сымпатыяў да беларусаў, расьце ня ўзровень адмоўнага стаўленьня да іх, а колькасьць тых, хто ставіцца да беларусаў нэўтральна.
Да каго палякі ставяцца горш за ўсё
Найбольшую непрыязнасьць палякі выказваюць да расейцаў (74%), ромаў (цыганоў) — (46%), беларусаў (46%), украінцаў (43%), габрэяў (40%), немцаў (32%), палестынцаў (30%).
Доля тых, хто выказвае непрыязнасьць да беларусаў, нават крыху зьменшылася: у 2025 годзе яна складала 48%, у 2024 годзе — 47%.
А вось у адносінах да ўкраінцаў адбываецца іншы працэс. За год узровень сымпатыі да іх паменшыўся з 30% да 29%, а непрыязнасьці — вырас з 38% да 43%.
Да каго яшчэ пагоршылася стаўленьне
У апошнія гады ў польскім грамадзтве пагоршылася стаўленьне да амэрыканцаў: у 2024 годзе сымпатыі да іх выказвалі 65% апытаных, у 2025 — 58%, а ў 2026 — 47%. Пры гэтым адмоўнае стаўленьне да амэрыканцаў сёлета выказалі 18% апытаных (летась такіх было 10%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Чаму растуць антыбеларускія настроі ў Літве