Перапіс насельніцтва Беларусі правядуць у 2029 годзе, а сёлета выпрабуюць мабільнае апытаньне

На вуліцах Менску. Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Іна Мядзьведзева паведаміла, што чарговы перапіс насельніцтва правядуць у кастрычніку 2029 году, а перапісныя лісты «мінімізуюць».

«Мы будзем максымальна выкарыстоўваць адміністрацыйныя крыніцы зьвестак — ужо ёсьць пералік дзяржаўных органаў, гатовых іх надаць, будзем супрацоўнічаць з мабільнымі апэратарамі для пазыцыянаваньня», — працытавала Іну Мядзьведзеву дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яе, перапісныя лісты «мінімізуюць».

«Возьмем максымум з адміністрацыйных крыніц, папярэдне запоўнім іх (мэта — 50% супраць 10–20% раней), каб заашчадзіць час і рэсурсы», — патлумачыла яна.

Іна Мядзьведзева паведаміла, што ўжо створана экспэртная група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Белстату, мабільных апэратараў і правайдэраў воблачных рашэньняў.

«Сёлета плянуецца пілётны тэст тэхналёгіяў мабільнага пазыцыянаваньня», — сказала кіраўніца Белстату.

Апошні перапіс насельніцтва Беларусі прайшоў у 2019 годзе. Тады колькасьць насельніцтва склала 9 413 446 чалавек.

Пачынаючы з 2020 году, калі ўлады разьвязалі жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых пратэстаў, нязгодных з фальсыфікацыямі, зь Беларусі мусілі выехаць, паводле розных ацэнак, ад 500 тысяч да аднаго мільёна грамадзян.

Першы афіцыйны перапіс насельніцтва на землях сучаснай Беларусі адбыўся ў 1897 годзе, калі «Северо-Западный край» уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі.

Пасьля далучэньня Беларусі да Савецкага Саюзу перапісы праводзілі ў 1926, 1937, 1939 гадах. Ад 1959-га такія кампаніі праводзяць раз на 10 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 20 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш як на 630 тысяч чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Засакрэчаны перапіс 1937-га