Як паведамілі аналітыкі ўкраінскай кампаніі Dallas, якая вывучае функцыянаваньне вайсковай эканомікі Расеі, «унікальнасьць Адамовіча палягае ў тым, што дзякуючы інжынэрнай адукацыі ён выступае ня проста агентам у закупках, а і тэхнічным пасярэднікам, здольным ацэньваць спэцыфікацыі і якасьць дэталяў».
У расьсьледаваньні адзначаецца, што Адамовіч прыйшоў на МАЗ у 1999 годзе малодшым інжынэрам і за 20 гадоў вырас да аднаго з ключавых тэхнічных кіраўнікоў. Да 2018 году ён працаваў вядучым інжынэрам-канструктарам у аддзеле галоўнага канструктара.
У 2023 годзе ён ачоліў камэрцыйны аддзел ВАТ «Міханавіцкі лягістычны цэнтар» — гэта зьвязаная зь дзяржаваю структура, якая выконвае функцыі кампаніі-прыкрыцьця і забясьпечвае закупкі для вытворчых лініяў МАЗу.
«З 2023 году Адамовіч выконвае ролю важнага пасярэдніка, які аб’ядноўвае падсанкцыйных расейскіх вытворцаў з азіяцкімі пастаўнікамі кампанэнтаў. [...] Яго найважнейшы кліент — аўтамабільны завод „Урал“ (УралАЗ), які базуецца ў горадзе Міяс Чэлябінскай вобласьці Расеі і вырабляе вайсковыя грузавікі для Ўзброеных сілаў», — адзначаецца ў расьсьледаваньні.
Цэнтар Dallas публікуе ліставаньне Аляксея Адамовіча з мэнэджарамі УралАЗу, у якім абмяркоўвацца крытычныя элемэнты трансьмісіі, якія нясуць экстрэмальную нагрузку ў баявых умовах, а таксама шляхі аплаты адпаведнага кантракту з кітайскай Xi’an Xin Sanming Auto Parts Co, бо банк расейскага прадпрыемства пад санкцыямі, разьлікі ў далярах сталі немагчымымі. Пастанавілі, што за кантракт заплацяць кітайскімі юанямі.
Гэтай кітайскай кампаніі таксама прапанавалі стварыць даччынае прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне «Менск», каб ажыцьцяўляць усе пастаўкі і разьлікі празь беларускую юрысдыкцыю і такім чынам унікаць санкцыяў.
Аналітыкі ўкраінскага цэнтру мяркуюць, што Адамовіч мае прывілеяванае становішча і можа працаваць пад наглядам КДБ. У іх дасьледаваньні адзначаецца, што ён мае «залаты статус» ляяльнасьці ў кампаніі «Аэрафлёт» і толькі ў жніўні 2025 году чатыры разы лятаў у Кітай.
Аналягічныя закупкі нібыта для МАЗу беларус рыхтаваў і праз паўночнакарэйскую кампанію Chosun Kyonghun 1.
Паралельна з сваёй дзейнасьцю на карысьць Расеі, паводле ўкраінскіх расьсьледнікаў, Адамовіч рэгістраваўся на афіцыйнае сумоўе ў польскім консульстве для атрыманьня Карты паляка — дакумэнта, які выдаюць асобам польскага паходжаньня і які адкрывае шлях для жыхарства ў Польшчы і атрыманьня польскага грамадзянства. У сваёй заяве Адамовіч паведаміў, што яго дзед і бабуля былі грамадзянамі Польшчы, і падаў архіўныя доказы іхнай прысутнасьці ў сьпісах выбарнікаў у Сэйм Польшчы.
Расьсьледнікі адзначылі, што паінфармуюць пра дзейнасьць Адамовіча польскія службы бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гродна Азот» пастаўляе прадукцыю ў Расею для патрэбаў войска і абыходзіць санкцыі ЭЗ — Беларускі расьследніцкі цэнтар