Беларуса Ўладзімера Віцікава, які кінуў дзіця на падлогу ў маскоўскім аэрапорце Шарамецева, прызналі непрытомным і адправілі на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Пра гэта паведаміла аб’яднаная служба судоў Маскоўскай вобласьці Расеі.
Справу разглядаў Хімкінскі гарадзкі суд Маскоўскай вобласьці. Віцікаў абвінавачваўся паводле артыкулу аб замаху на забойства малалетняга з хуліганскіх памкненьняў.
Здарэньне адбылося ў аэрапорце 23 чэрвеня 2025 году. Віцікаў быў пад узьдзеяньнем наркотыкаў, схапіў двухгадовае дзіця, падняў яго і зь сілай кінуў на падлогу. Хлопчыка шпіталізавалі зь пераломамі чэрапа.
Экспэртыза высьветліла, што ў момант злачынства Віцікаў ня мог усьведамляць фактычны характар і грамадзкую небясьпеку сваіх дзеяньняў і кіраваць імі. Ён прызнаны непрытомным і вызвалены ад крымінальнай адказнасьці з накіраваньнем на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне «ў стацыянарных умовах спэцыялізаванага тыпу з інтэнсіўным назіраньнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замах на забойства. Беларусу, які кінуў дзіця на падлогу ў аэрапорце «Шарамецьева», выставілі абвінавачаньнеДзіця да гэтага часу ня можа акрыяць ад траўмаў. Яго бацька Махамад Шахім расказаў выданьню «Абзац», што ў хлопчыка пераломы хрыбетніка і чэрапа, ён увесь час трымаецца за галаву ад болю, міргае правым вокам і амаль перастаў гуляць.
Паводле яго слоў, звычайнага жыцьця, як раней, у дзіцяці больш няма. Сям’я працягвае вадзіць сына па лекарах і рыхтуецца да МРТ.