Улады працягваюць прызнаваць «экстрэмісцкімі» старонкі ў сацыяльнай сетцы Threads. 29 студзеня стала вядома, што суд Партызанскага раёну Менску прызнаў такімі адразу тры дзясяткі старонак у гэтай сетцы, сярод іх акаўнты незалежных мэдыя. Агулам цяпер улады Беларусі лічаць «экстрэмісцкімі» каля 40 рэсурсаў у сетцы Threads. Суды пачалі надаваць такі статус непажаданым для ўладаў старонкам у гэтай сацсетцы зь лютага 2024 году.
За распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у Беларусі могуць пакараць арыштам на 15 дзён ці штрафам. Распаўсюдам лічыцца нават лайк пад матэрыялам, калі старонка прызнаная «экстрэмісцкай».
Threads (літаральна «Ніткі») — сацыяльная сетка ад кампаніі Meta, запушчаная ў ліпені 2023 году. Гэтай жа кампаніі належаць Facebook і Instagram.
Разьбіраемся, чаму ўлады зацікавіліся новай сацсеткай і што там робяць беларусы.
«Жыцьцёвыя падзеі і думкі, замест рэклямы»
На канец мінулага году беларуская аўдыторыя Threads складала больш за паўмільёна чалавек, як вынікае з статыстыкі Meta. Гэта без уліку беларусаў, якія заходзяць на плятформу зь іншых краін.
Зьвесткі, апублікаваныя ў рэклямных інструмэнтах кампаніі, сьведчаць, што 7,4% дарослага насельніцтва Беларусі ва ўзросьце 18 гадоў і больш на канец 2025 году карысталіся Threads.
У канцы 2025 году 62,9% дарослай рэклямнай аўдыторыі Threads у Беларусі складалі жанчыны, 36,4% — мужчыны.
Ілюстрацыйнае фота
Свабода ананімна апытала 10 карыстальнікаў гэтай сацыяльнай сеткі ў межах Беларусі. Усе яны назвалі перавагі Threads над іншымі сеткамі падобна:
- — Менш рэклямы
- — Шмат беларускай мовы
- — Шмат жыцьцёвых гісторыяў і цікавых думак
- — Прасьцей адшукаць людзей паводле інтарэсаў
У Threads здараюцца нечаканыя павароты, якія рэдка бываюць у іншых сетках. Напрыклад, Ігар зь Беларусі напісаў, што ён «бухі ідзе дадому», зрабіў сэлфі і назаўтра прачнуўся папулярным: яго допіс набраў сотню тысяч лайкаў і яму нават прапанавалі новую працу. Таксама у гэтай сетцы больш міжнароднай салідарнасьці; напрыклад, шмат украінцаў падтрымліваюць беларусаў, якія пішуць па-беларуску.
Ірына Сідорская
Мэдыяэкспэртка, доктарка навук Ірына Сідорская адным з фактараў папулярнасьці гэтай сеткі называе «нізкі парог уваходу». Усе, хто мае Instagram, могуць пачаць карыстацца ёю без праблем, амаль аўтаматычна. А другі фактар, паводле суразмоўцы, — Threads ня так палярызаваныя, як іншыя плятформы.
«Напрыклад, на Facebook вельмі важна, кім ты ёсьць. Кім ты быў у 2020 годзе, якая ў цябе была пазыцыя, кім ты быў да 2020 году. Там галоўнае, хто ты, а ўжо потым — што ты скажаш. А ў Threads можна быць непублічным, невядомым чалавекам, але цікава апавядаць пра сваё жыцьцё. Там можна не прымаць нейкі бок і быць звычайным чалавекам. Пасьля моцнай палярызацыі людзям хочацца прасторы, дзе можна пагаварыць пра жыцьцё і ня быць раскрытыкаваным. Пабачыць больш падтрымкі, чым крытыкі», — заўважае экспэртка.
Чаму ўлады Беларусі ўзяліся за Threads
У мінулым месяцы ў Threads пачалі рэгістравацца як беларускія дэмакратычныя палітыкі, так і чыноўнікі. Так, 19 студзеня па дарозе на форум у Давос акаўнт завяла Сьвятлана Ціханоўская. Пра гэта адразу напісалі СМІ. Яшчэ раней, у пачатку студзеня, акаўнт завёў цяперашні кіраўнік Акадэміі навук, экс-міністар аховы здароўя ў часы пандэміі ковіду Ўладзімер Каранік.
Уладзімер Жыгар
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімера Жыгара, улады актыўна сочаць за сацыяльнымі сеткамі, у тым ліку новымі пляцоўкамі. Яны аналізуюць публікацыі ў незалежных мэдыя і бачаць, што становіцца папулярным.
«Для іх гэта важная задача, бо яна тычыцца палітычнай базы. Інструмэнты ў іх для гэтага ёсьць і людзі таксама. Рэжым ніколі не перагарне старонку. Гэта спроба ня страціць сытуацыю, як гэта было ў 2020 годзе, калі да Telegram ставіліся пасіўна. Яны аналізуюць усе публікацыі ў незалежных СМІ — вось там Сьвятлана Ціханоўская зарэгістравалася, нешта напісала. Гэта трапляе ў органы, якія аналізуюць інфармацыю і рапартуюць аб тым, што вось такая сетка на сёньня зьяўляецца найбольш важнай. Яны перакінуць людзей з Facebook ці Telegram на іншую пляцоўку. Будуць зьбіраць інфармацыю і рэагаваць. Для іх гэта меры кантролю і запалохваньня людзей», — мяркуе Жыгар.
За Threads узяліся таму, што ўлады ня могуць не кантраляваць нават штодзённага жыцьця людзей, простых жывых размоваў паміж людзьмі. Пра гэта кажа Ірына Сідорская.
«Улады хочуць кантраляваць усё, што робяць людзі. Гэтая сацсетка ня тое каб пра палітычнае, нават пра грамадзкае жыцьцё. Але, на думку ўладаў, людзі ня могуць рабіць нешта бязь іх кантролю», — заўважае Ірына Сідорская.
Для бясьпекі Ўладзімер Жыгар раіць выкарыстоўваць усе тыя ж захады, што рэкамэндуюцца для іншых сацыяльных сетак.
«Чалавеку варта сябе паводзіць у пляне мераў бясьпекі прыкладна так, як і ў іншых сацсетках. Унясеньне тых ці іншых суполак у „экстрэмісцкі сьпіс“ цяжка адсачыць. Таму калі хочаш нешта чытаць, можна чытаць, калі можна не падпісвацца, лепей гэта не рабіць», — падкрэсьлівае суразмоўца.
Ірына Сідорская дадае, што карыстальнікам варта памятаць пра бясьпеку, нават калі яны ня пішуць пра палітыку ці ўладу.
Зараз у сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Беларусі 1963 старонкі. Туды ўносяць ня толькі суполкі ў сацыяльных сетках, а і кнігі, фільмы, музыку. Толькі за гэты год сьпіс вырас ужо на 34 старонкі. Рашэньне аб наданьні матэрыялам такога статусу прымаюць раённыя суды.