Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, такое фінансаваньне прадугледжвае закон пра асыгнаваньні на абарону на 2026 фінансавы год. Гэта працяг падтрымкі Вашынгтонам Эстоніі, Латвіі і Літвы ў рамках Балтыйскай ініцыятывы бясьпекі (BSI).
Пакет абаронных захадаў у памеры 838,7 мільярда даляраў, які прэзыдэнт Дональд Трамп падпісаў 3 лютага, замацоўвае фінансаваньне супрацы ў галіне бясьпекі з трыма краінамі Балтыі, нягледзячы на папярэднія спробы Пэнтагону яе згарнуць.
Дадатковыя 10 мільёнаў даляраў вылучаныя Эстоніі праз праграму фінансаваньня замежных вайскоўцаў у рамках бюджэту замежных місіяў. Гэтыя сродкі Талін раней выкарыстаў для набыцьця боепрыпасаў HIMARS, ракет Javelin і артылерыйскіх снарадаў вялікага калібру.
«Гэта выдатна для стрымліваньня ў інтарэсах нашых балтыйскіх хаўрусьнікаў», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода кангрэсмэн-рэспубліканец Дон Бэйкан, брыгадны генэрал Вайскова-паветраных сілаў у адстаўцы: сустаршыня Балтыйскай фракцыі Палаты прадстаўнікоў.
Ён дадаў, што пытаньне стала прыярытэтным пасьля таго, як Міністэрства абароны заявіла пра намер спыніць фінансаваньне праграмы.
«Кангрэс мае абавязак спрыяць моцнаму альянсу NATO, і мы ведаем, што асаблівую ўвагу трэба надаваць краінам Балтыі», — сказаў ён і дадаў, што гісторыя паказвае небясьпеку адыходу ад глябальнага ўзаемадзеяньня.
«Большасьць у Кангрэсе адданая справе NATO і ведае, што нам патрэбныя сябры ў супрацьстаяньні Кітаю, Расеі і Ірану. Мы ня можам зрабіць гэтага ў адзіночку. Амэрыка самотная — Амэрыка слабейшая», — сказаў Бэйкан.
Тры балтыйскія дзяржавы, якія ўваходзяць у NATO і цьвёрда падтрымліваюць Украіну, у апошнія месяцы сутыкнуліся з парушэньнямі сваіх межаў расейскімі самалётамі і дронамі.
Сьведчаньнем абвастрэньня сытуацыі стаў уваход у верасьні ў паветраную прастору Эстоніі над Фінскай затокай трох расейскіх зьнішчальнікаў МіГ-31, яны заставаліся там прыблізна 12 хвілін.
Гэты інцыдэнт падштурхнуў Талін запытаць нечарговае паседжаньне Рады бясьпекі ААН і актывацыю артыкулу 4 Паўночнаатлянтычнай дамовы, які прадугледжвае кансультацыі паміж хаўрусьнікамі ў выпадку пагрозы аднаму зь іх.
Бэйкан адзначыў, што вайна Расеі супраць Украіны нясе пагрозу і за межы Ўкраіны. Ён сказаў, што вынік канфлікту, найбуйнейшага і найбольш крывавага ў Эўропе з часоў Другой усясьветнай вайны, найўпрост паўплывае на ўмовы бясьпекі для краін Балтыі і іншых уразьлівых суседзяў.
«Калі Украіна пацярпіць паразу, — сказаў ён, — мы павінны дакладна ведаць, што наступнай будзе Малдова», а затым наступіць узмацненьне ціску на краіны Балтыі і Грузію.
«Мы не павінны быць нэўтральнымі, — сказаў Бэйкан. — Мы мусім стаяць на баку свабоды... і супраць дыктатара-бандыта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пантоны, равы і «зубы цмока». Як Латвія зьмяніла сваю мяжу зь Беларусьсю за апошнія тры гады«Вельмі палітычнае рашэньне»
Для лідэраў балтыйскіх краін галасаваньне ў Кангрэсе, якім ухвалілі фінансаваньне, — больш чым звычайнае бюджэтнае рашэньне.
Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода падчас візыту ў Вашынгтон 4 лютага падкрэсьлівае, што рэгіён рэальна становіцца перадавой лініяй NATO.
«Гэтае рашэньне вельмі палітычнае ў сваёй істоце», — сказаў Будрыс і назваў яго сьведчаньнем моцных трансатлянтычных повязяў і абавязкаў балтыйскіх краін інвэставаць у абаронны патэнцыял, распрацаваны ЗША.
Будрыс таксама зьвярнуў увагу на шырэйшыя ўмовы бясьпекі, у якіх знаходзіцца рэгіён, у тым ліку на гібрыдныя апэрацыі Расеі і Беларусі.
Ён сказаў, што Літва і яе суседзі назапашваюць досьвед супрацьдзеяньня тактычным захадам — ад кібэр- і інфармацыйнай вайны да інструмэнталізацыі міграцыі і дэструкцыйнымі дзеяньнямі супраць цывільнай авіяцыі.
«Мы павінны чакаць, што заўтра ці пасьлязаўтра гэта прыме новыя формы», — папярэдзіў ён, апісваючы гібрыдны ціск як пастаянную рысу новай рэальнасьці бясьпекі Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Літвы заявілі, што праз аднаўленьне запуску паветраных балёнаў зь Беларусі зноў могуць закрыць мяжуДзьвюхпартыйны сыгнал
Крыстэн Тэйлар, намесьніца дырэктара Трансатлянтычнай ініцыятывы бясьпекі Атлянтычнай рады, заявіла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што заканадаўчы акт прыняты тэрмінова, бо актыўнасьць Расеі на ўсходнім флянгу NATO ўзмацняецца.
«Гэтае фінансаваньне прызначана для падтрымкі забесьпячэньня апэратыўнай сумяшчальнасьці і ўмацаваньня вайсковага патэнцыялу балтыйскіх хаўрусьнікаў», — сказала Тэйлар.
Палата прадстаўнікоў ухваліла закон пра асыгнаваньні на абарону зь мінімальнай перавагай — 217 галасоў супраць 214, а Сэнат ужо з больш упэўненай расстаноўкай сіл: 71 супраць 29. Пасьля гэтага закон падпісаў прэзыдэнт Дональд Трамп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар NATO назваў Беларусь у ліку чатырох краін, якія падтрымліваюць «ваенную машыну» Расеі