Экс-вядоўца дзяржаўнага тэлеканалу АНТ і ляўрэат дзяржаўнай тэлепрэміі атрымаў грамадзянства Ўкраіны

Яўген Смарыгін, архіўнае фота

Беларускі актор, тэлевядоўца, сцэнарыст і прадусар Яўген Смарыгін атрымаў грамадзянства Ўкраіны.

«Я ўжо таксама ўкраінец. Мне ўжо грамадзянства надалі», — сказаў Яўген Смарыгін у відэазапісе, які разьмясьціў на сваёй старонцы ў Facebook кіеўскі эзатэрык Андрэй Дуйко.

Яўген Смарыгін раней паведамляў, што здаў іспыт з украінскай мовы, каб атрымаць грамадзянства Ўкраіны. Ён жыве ва Ўкраіне больш за 15 гадоў, ажаніўся з украінскай грамадзянкай, разам яны выхоўваюць траіх дзяцей.

У Беларусі быў удзельнікам КВЗ, вёў некалькі забаўляльных праектаў на дзяржаўным тэлеканале АНТ. У 2009 годзе Смарыгін атрымаў дзяржаўную прэмію «Тэлевяршыня» ў намінацыі «Найлепшы вядоўца музычна-забаўляльнай праграмы».

Здымаўся ў мастацкіх фільмах, вёў перадачы на расейскіх тэлеканалах.

Ва Ўкраіне з 2015 году ўдзельнічае ў праектах «Дизель Студіо» — творчага аб’яднаньня колішніх удзельнікаў украінскіх камандаў КВЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураджэнца Беларусі Славу Камісаранку пазбавілі грамадзянства Расеі