«Сьлізка, цёмна, людзей ня бачна». Людзі ў сацыяльных сетках абураюцца цемрай на вуліцах пасьля загаду Лукашэнкі

Менск, 4 лютага 2026 году. Фота @inter.minsk

Увечары 4 лютага ў сацыяльных сетках зьявіліся сотні камэнтароў ад беларусаў, якія абураюцца тым, што ўзровень аьсвятленьня на вуліцах пасьля загаду Лукашэнкі рэзка зьніжаны.

У сацсетках людзі, пешаходы і кіроўцы, абураюцца цемрай на вуліцах.

«Пляскаю ў ладкі стоячы гэтаму геніяльнаму рашэньню ўключаць вулічнае асьвятленьне пасьля 19-й. Усе едуць дадому ў абсалютнай цемры, якая праразаецца сьляпучым сьвятлом фараў. Пешахода можна толькі як сылюэт на фоне сьнегу адрозьніць. Нормы ўзроўню асьветленасьці выйшлі ў акно»,— піша ў Threads сярод іншых yatsevichilya.

Шмат рэакцыяў у тэлеграм-суполках Менску. Тут некаторыя цытаты зь іншых камэнтароў:

  • «Вось даб’юцца павелічэньня статыстыкі аб зьбітых пешаходах, абсалютна ня бачных у цемры, тады пачнуць улічваць час захаду і ўзыходу сонца».
  • «Спадзяюся, хто гэта зрабіў, сам пасьпеў праехацца ў блэкаўце».
  • «Проста кашмар. Палосаў не відаць, пешаходаў не відаць. Як дабірацца дзецям са школы? Колькі спатрэбіцца зьбітых людзей, каб уключылі асьвятленьне?»
  • «Усе гэта выглядае як у жабрацкай краіне».
  • «Пешаходаў не відаць, гразь ад аўтамабіляў, а калі раптам яшчэ і сьнег? Будзе капец».
  • Які сэнс адключаць асьвятленьне, калі яно больш за ўсё трэба — пасьля 18-й ужо цёмна і ўсе вяртаюцца з працы. Можа лепей эканоміць уначы, калі ўсе сьпяць?«
  • «І гэта мы не ва Ўкраіне».
  • «Дзеці ідуць па прыватным сэктары ў школу, нічога не відаць, заўтра пойдзем да другога ўроку».
  • «У сучаснага вялікага гораду свае рытмы. Дома выкруціце лямпачкі і жывіце безь сьвятла, а гэта бясьпека людзей».
  • «Самае страшнае, што ў пэрыяд экспэрымэнтаў з асьвятленьням пацярпіць і загіне шмат людзей. Вечарам на дарозе шмат пешаходаў не глядзяць па баках».
  • «Цемра хоць пальцам у вока, ледзь не загінула сёньня. Сьлізка, цёмна, людзей ня бачна».

Трэцяга лютага Аляксандар Лукашэнка абурыўся тым, што дзяржава нібыта выдатковае велізарныя грошы на вулічнае асьвятленьне. І запатрабаваў уключаць асьвятленьне толькі а 20-й гадзіне, а выключаць а 7-й раніцы. Чыноўнікі ўспрынялі гэтыя словы Лукашэнкі як загад, і ўжо 4 лютага з надыходам прыцемку ў Менску сьвятло ўключылі не адразу.

Пасьля крытыкі Лукашэнкі ў вобласьцях правялі тэрміновыя нарады аб асьвятленьня вуліц.

Пры гэтым у Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі раней нагадвалі, што найбольш небясьпечны аварыйнымі сытуацыямі на дарогах час — зьмярканьне і сьвітанак.

Як раней заяўлялі ў «Менскэнэрга», у буйных населеных пунктах Менскай вобласьці ўдзельная вага асьветленых вуліц павінна складаць ня менш як 80%, тады як у малых вёсках і пасёлках дапускаюцца ўсяго два вулічныя ліхтары — на ўезьдзе і выезьдзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вымовы ад Лукашэнкі чыноўнікі ў беларускіх гарадах зьменшылі асьвятленьне вуліц. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на тле зьмяншэньня асьвятленьня вуліц заявілі аб намеры ўсталяваць энэргазьберагальныя ліхтары