Прадстаўніца АПК у эканамічных рэформах Аліса Рыжычэнка заявіла, што за два гады санкцыяў супраць Беларусі краіна ўжо страціла 18 млрд даляраў, і заклікала не забывацца, за што ўводзілі санкцыі.
«18 мільярдаў даляраў. Уявіце гэтую суму. Гэта тры гадавыя бюджэты Беларусі на ахову здароўя і адукацыю, разам узятыя. Гэта дзьве тысячы даляраў на кожнага жыхара краіны. Гэта нявыплачаныя заробкі. Гэта нявыплачаныя пэнсіі. Гэта непабудаваныя шпіталі. Гэта неадрамантаваныя дарогі. 18 мільярдаў даляраў — менавіта столькі эканоміка Беларусі страціла за 2022–2023 гады ад скасаваньня экспарту ў краіны ЭЗ і Ўкраіну», — заявіла Рыжычэнка.
Паводле яе, гэта толькі бачная частка стратаў. Апрача таго, пацярпела рэпутацыя Беларусі як надзейнага партнэра, доступ да заходніх тэхналёгіяў закрыты, каля 400 тысяч спэцыялістаў зьехалі з краіны, інвэстыцыі спыніліся, нагадала эканамістка.
«Чаму гэта адбылося? У 2022 годзе Беларусь стала пляцоўкай для нападу на Ўкраіну. Санкцыі — гэта не пакараньне, гэта наступствы выбару, выбару рэжыму Лукашэнкі. Некаторыя кажуць — давайце пачнем дыялёг, здымем санкцыі, наладзім адносіны. Але вось што важна разумець: санкцыі былі ўведзеныя за канкрэтныя дзеяньні, за саўдзел у ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Іх скасаваньне магчымае. Але пры адной умове — заканчэньня падтрымкі вайны, спыненьня вайсковай вытворчасьці для расейскай арміі. 18 млрд — гэта кошт за два гады, і чым далей працягваецца саўдзел у вайне, тым большым будзе рахунак», — заявіла Рыжычэнка.
Аліса Рыжычэнка — магістар эканомікі (БДЭУ) і магістар палітычных навук (Венскі ўнівэрсытэт), спэцыялізуецца ў пытаньнях Эўразьвязу, міжнароднай палітыкі і разьвіцьця. Мае досьвед працы ў фондах «Краіна для жыцьця», «Дыхай вольна».
Раманчук: Беларусь страціла ад санкцыяў, але і зарабіла на вайне
Эканаміст Яраслаў Раманчук, які цяпер жыве і выкладае эканоміку ва Ўкраіне, камэнтуючы Свабодзе заяву Алісы Рыжычэнкі, сказаў, што ў падліках стратаў ад санкцыяў ён бы карыстаўся іншай мэтадалёгіяй.
«Падлічваць можна паводле розных паказьнікаў, але калі лічыць паводле дадзеных, якія выкарыстоўвае, прыкладам, Міжнародны валютны фонд або Эўразьвяз, а гэта наперш ВУП — валавы ўнутраны прадукт — дык што мы бачым? У 2021 годзе ВУП Беларусі быў 63 мільярды даляраў, а за мінулы год, паводле МВФ, 85 мільярдаў, а Міністэрства эканомікі Беларусі заявіла ўвогуле пра амаль 90. А калі браць паказьнікк ВУП на душу насельніцтва, дык у 2021 годзе ён быў меншы за 7 тысяч даляраў, а сёньня гэта амаль 9 тысяч», — мяркуе Яраслаў Раманчук.
Найперш да стратаў ад санкцыяў, зьвязаных з саўдзелам у расейскай агрэсіі, Раманчук залічыў страты ў продажы калійных угнаеньняў, які значна скараціўся ў аб’ёмах і ў прыбытках.
Таксама, паводле эканаміста, беларуская эканоміка несла страты ў іншых галінах.
Яраслаў Раманчук
«Яшчэ былі фінансавыя страты ад вываду замежным капіталам сваіх актываў, ад таго, што амаль 700 тысяч працаздольных беларусаў зьехалі з краіны, і яны ўжо не генэруюць прыбыткі для Беларусі. Так, гэта ёсьць, але мы бачым, што Лукашэнку пляваць на гэтыя страты. Ён хоча толькі, каб для ягонага кола было найлепш, і таму робіць усё пад свае патрэбы».
Эканаміст пералічыў асноўныя, на ягоную думку, галіны, дзе беларускі рэжым зарабіў, скарыстаўшыся сытуацыяй у Расеі, якая зьмянілася пасьля яе агрэсіі супраць Украіны:
«Зарабіў на росьце вытворчасьці тавараў, якія пастаўляе ў Расею. Другое — гэта зброя і ўсе вайсковыя тавары і паслугі, якімі ён дапамагае расейскаму войску. Таксама гэта нафтаперапрацоўка і продаж у Расею таго ж бэнзіну, калі там пачаліся зь ім праблемы. Цяпер на значнае месца выйшлі прадукты харчаваньня. Плюс трэба ўлічваць энэргетычны складнік затратаў беларускіх прадпрыемстваў, бо газ і нафтапрадукты з Расеі паступаюць значна таньнейшыя, і такім чынам прадпрыемствы шмат эканомяць».
Паводле Раманчука, гэта і фінансавыя схемы, якія апошнімі гадамі пачалі выкарыстоўваць. Прыкладам, мала вядома пра майнінг крыптавалюты, якім займаюцца ў Беларусі, — а гэта таксама істотная крыніца прыбытку. Шмат іншых падобных сфэраў, якія запрацавалі дязкуючы таму, што і на Расею былі накладзеныя санкцыі і некаторыя беларускія тавары стала выгадна прадаваць там.
«Узяць той жа завод зборкі кітайскіх аўтамабіляў БелДжы. Калі будавалі, то разьлічвалі прадаваць 3-5-10 тысяч, а цяпер даходзіць да 80, бо эўрапейскія кампаніі пакінулі расейскі рынак і склаўся добры попыт. Усім гэтым скарысталіся», — кажа Яраслаў Раманчук.
Пры гэтым эканаміст падкрэсьлівае, што пасьля 2022 году характар гаспадаркі Беларусі няўстойлівы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС: Беларусь навучылася абыходзіць заходнія банкаўскія санкцыі на рынках Паўднёва-Ўсходняй Азіі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт зьнешняга гандлю $1,5 млрд не катастрофа, але ёсьць нюансы, — эканамічны аглядальнік Махоўскі