У Менску пачалі рэканструкцыю вулічнага асьвятленьня на ўчастку праспэкту Незалежнасьці — ад вуліцы Казлова да вуліцы Сурганава.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Минск-новости», гэтыя работы плянуюць завяршыць цягам 2026 году.
«Новыя ліхтары ў рэтрастылі раней ужо зманціравалі на ўчастку ад плошчы Незалежнасьці да вуліцы Казлова. [...] Замест старых апор, якія дэманціруюць, усталёўваюць новыя ацынкаваныя, на іх будуць дэкаратыўныя апраўленьні, зробленыя пад даўніну і якія ня будуць патрабаваць фарбаваньня. Новыя кранштэйны выкананыя ў стылі, які быў тут у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя», — сказаў першы намесьнік дырэктара, галоўны інжынэр прадпрыемства «Мінгарсьвятло» Яўген Стасяловіч.
Паводле яго, да рэканструкцыі ў ліхтарах выкарыстоўвалі газаразрадныя лямпы, а цяпер будуць сьвятлодыёдныя, якія дазваляюць эканоміць электраэнэргію.
«Цяпер усталёўваюцца сьвятлодыёдныя сьвяцільні павялічанай сьвятлоаддачы, прычым беларускай вытворчасьці. На гэтым участку таксама зьявіцца новая сьвяточная ілюмінацыя», — дадаў Яўген Стасяловіч.
Увечары 4 лютага ў беларускім сэгмэнце сеціва зьявіліся сотні камэнтароў ад людзей, якія абураліся рэзкім зьніжэньнем узроўню асьвятленьня на вуліцах. Перад гэтым Аляксандар Лукашэнка абурыўся тым, што дзяржава нібыта выдаткоўвае велізарныя грошы на вулічнае асьвятленьне. У прыватнасьці, ён запатрабаваў уключаць асьвятленьне толькі, а 20-й гадзіне, а выключаць, а 7-й раніцы.
Незадаволенасьць Лукашэнкі выклікала тое, што ў Менскай вобласьці «ўсё сьвеціцца», а вулічнае асьвятленьне падключаецца ўжо, а 18-й гадзіне. Чыноўнікі сказалі, што быццам некарэктна працуюць фотаэлемэнты, што адказваюць за ўключэньне ліхтароў. Тады Лукашэнка запатрабаваў адрэгуляваць іх да такой ступені, каб асьвятленьне ўключалася не раней за 20-ю гадзіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля вымовы ад Лукашэнкі чыноўнікі ў беларускіх гарадах зьменшылі асьвятленьне вуліц. ВІДЭА