Журналісту Паўлу Дабравольскаму пагражае да 15 гадоў турмы, ягоную справу перадалі ў суд

Павал Дабравольскі

Справу журналіста накіравалі ў суд.

Палітзьняволены журналіст Павал Дабравольскі абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве». Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Як стала вядома БАЖ, сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні Дабравольскага скончаныя і крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ перададзеная ў Менскі гарадзкі суд.

Судовы працэс, меркавана, пачнецца прыканцы лютага. Дакладная дата пакуль не вядомая.

Увосень 2025 году Павал Дабравольскі быў пераведзены зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 у Калядзічах.

Паводле зьвестак БАЖ, абвінавачаньне ў «дзяржаўнай здрадзе» зьвязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага. Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку паўнамаштабнага ваеннага ўварваньня Расеі). Апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН.

Яго затрымалі ў Менску 22 студзеня 2025 году —празь некалькі месяцаў пасьля вяртаньня на радзіму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позірк»: Журналіста Паўла Дабравольскага абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»

Зь Беларусі Павел выехаў на пачатку восені 2021 году. Паводле інфармацыі на яго старонках ў сацыяльных сетках, пасьля ад’езду падарожнічаў па сьвеце: аб’ехаў шэраг эўрапейскіх краін, быў у Іране, Расеі, краінах Паўднёвай Амэрыкі. У кастрычніку 2024 году вярнуўся ў Менск.

У час пасьлявыбарчых пратэстаў 2020 году Паўла Дабравольскага затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці ў сувязі з ажыцьцяўленьнем прафэсійнай дзейнасьці. У прыватнасьці, 30 кастрычніка 2020 году журналіста затрымалі ў ягонай кватэры і затым арыштавалі на 15 содняў паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

Пасьля арышту ў 2025 годзе беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Паўла Дабравольскага палітычным вязьнем. 12 студзеня 2026 году за кратамі СІЗА ён сустрэў свае 36 гадоў.

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёньня ў Беларусі у няволі ўтрымліваецца 28 супрацоўнікаў беларускіх СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ выклікае беларусаў, што вяртаюцца з-за мяжы, на гутаркі пра «здраду дзяржаве»