Дабрачыннасьць пад прымусам. Як у Беларусі зьбіраюць грошы з затрыманых у палітычных справах

Ілюстрацыйнае фота

Грошы прапануюць пералічваць на стадыі затрыманьня або напярэдадні суду, намякаючы на магчымае спыненьне крымінальнага перасьледу ці зьмякчэньне прысуду.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у 2025 годзе пачала распаўсюджвацца практыка нібыта «дабрачынных складак» ад падазроных або затрыманых у палітычных справах грамадзян на рахункі арганізацыяў, указаных міліцыянтамі ці сьледчымі.

Доказы такіх грашовых пераводаў далучаюць да матэрыялаў справаў як «зьмякчальныя акалічнасьці», аднак пакуль праваабаронцы ня маюць доказаў, што такія пераводы рэальна ўплываюць на прызначэньне і суровасьць пакараньня.

Спачатку просьбы заняцца дабрачыннасьцю пачалі даходзіць да палітвязьняў у лістах, потым праз адвакатаў, як заўважылі праваабаронцы ў 2025 годзе. Цяпер жа, паводле «Вясны», практыка набыла больш масавы характар. Праваабаронцы адзначаюць: раней пераводы рабілі сваякі фігурантаў «справы Гаюна», а цяпер і родныя затрыманых у іншых крымінальных артыкулах.

Але, як адзначыў адзін фігурант «справы Гаюна», сям’я якога таксама пераводзіла «дабрачынную складку», прысуд з такімі «зьмякчальнымі акалічнасьцямі» — лятарэя. Яму самому прызначылі «хатнюю хімію», але ён ведае выпадкі, калі пры падобных абставінах прысуджалі пазбаўленьне волі.

«Ніхто з органаў мне не прапанаваў рабіць перавод. Проста ў нейкі момант сярод арыштаваных пачала хадзіць інфармацыя, як я разумею, данесеная праз адвакатаў, што лепш заплаціць перад судом і далучыць дакумэнт аб аплаце на судзе. Быццам некаму гэта патаемна пацьвярджалі сьледчыя. Сярод арыштантаў такая інфармацыя цыркулявала», — расказаў былы фігурант «справы Гаюна», цяперашні «хімік».

Паводле гэтага чалавека, пакуль ён знаходзіўся пад сьледзтвам у СІЗА, ягоная сямʼя зрабіла дзьве выплаты: адну ў мэдычную ўстанову, другую ў сацыяльную, якія абралі, грунтуючыся на інфармацыі, што хадзіла на ўзроўні чутак.

«Пазначана было як добраахвотны ўнёсак у дабрачынныя арганізацыі», — сказаў ён.

Былы палітвязень таксама расказаў пра выпадак, калі пасьля затрыманьня чалавека за фінансаваньне Ўзброеных сілаў Украіны яму прапанавалі зрабіць дабрачынны перавод на рахунак Жыровіцкага манастыра, а пасьля пераводу грошай адпусьцілі на волю без завядзеньня на яго крымінальнай справы. Але гэтыя зьвесткі праверыць пакуль не ўдалося.

Таксама праваабаронцы «Вясны» даведаліся пра падобны выпадак зь фігурантам «справы Гаюна». Ужо затрыманы чалавек пасьля «дабрачыннага ўнёску» выйшаў на волю без крымінальнай справы. Паводле праваабаронцаў, гэта каштавала яму некалькіх тысяч даляраў, пералічаных у «Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня».

Аб прымушэньні да «дабрачыннага пераводу» праваабаронцам расказала яшчэ адна крыніца, знаёмага якой летась асудзілі за камэнтары. Паводле гэтай крыніцы, чалавека прымусілі пераводзіць грошы двойчы.

«Спачатку пры затрыманьні ГУБАЗіК прымусіў пакласьці значную частку наяўных грошай на рахунак установы „Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня“. А пасьля затрыманьня, ужо пры разглядзе крымінальнай справы, яшчэ адзін унёсак прапанаваў зрабіць Сьледчы камітэт — праз адваката. Зараз „органы“ даводзяць сваякам „палітычных“, каб рабілі гэтыя ўнёскі. Суд можа прызнаць гэта зьмякчальнай акалічнасьцю, але абавязку такога ня мае. Нам пашанцавала — прызналі.

Было таксама прызнана зьмякчальнай акалічнасьцю прызнаньне віны. Але тэрмін пакараньня ўсё роўна склаў 5/6 ад максымальнага. З таго, што чуваць пра выпадкі гаюноўцаў, вынікае, што „дабрачыннасьць“ ня мае ніякага ўплыву на прысуд. Сваякам падазраванага прапаноўвалася накіраваць ад яго імя грошы на рахунак дзяржаўнай арганізацыі на свой выбар, потым прынесьці квіток аб пераводзе грошаў сьледчаму ці адвакату на суд», — расказала сваячка фігуранта «справы Гаюна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як мяняюцца рэпрэсіі ў Беларусі — тлумачэньне юрысткі Кацярыны Дзяйкалы

«Такія выплаты выконваюць функцыі дадатковага ціску»

Юрыстка «Вясны» Вікторыя Рудзянкова прааналізавала сытуацыю з «дабрачыннымі ўнёскамі», рабіць якія затрыманых у некаторых выпадках прымушаюць праваахоўныя органы, і дала гэтай зьяве юрыдычную ацэнку.

«Так званыя „дабрачынныя ўнёскі“ — на сёньня адна з эканамічных формаў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Спачатку гэты мэханізм быў выпрабаваны ў справах, зьвязаных з ахвяраваньнямі, але сёньня яго, як бачым, выкарыстоўваюць і пры пакараньні за іншыя непажаданыя для ўладаў дзеяньні ў форме выказваньня думкі: і за камэнтары, і за адпраўку інфармацыі пра вайсковую тэхніку на тэрыторыі Беларусі. Такія выплаты выконваюць функцыі дадатковага ціску (ды яшчэ і на ўсю сям’ю чалавека) і фактычнага ўзбагачэньня дзяржавы коштам ахвяраў рэпрэсіяў», — мяркуе юрыстка «Вясны».

Паводле Вікторыі Рудзянковай, гэтая практыка ня мае законных падставаў у беларускім заканадаўстве, парушае шэраг правоў чалавека і адначасова суправаджаецца службовымі злачынствамі. Юрыстка ўказвае на артыкул 426 Крымінальнага кодэксу — «перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

«На практыцы гэта „дабрачынныя“ ўзносы, якія робяцца пад прымусам, пагрозамі або ў сытуацыі крайняй уразьлівасьці. З пункту гледжаньня цывільнага права такія выплаты зьяўляюцца пагадненьнямі, зьдзейсьненымі без свабоднага волевыяўленьня, а значыць, несапраўднымі (ч. 1 арт. 108 Грамадзянскага кодэксу). Адпаведна, паводле таго д кодэксу, яны могуць і павінны быць прызнаныя судом несапраўднымі з наступным вяртаньнем грашовых сродкаў асобе, зь якой яны былі незаконна спагнаныя», — мяркуе юрыстка «Вясны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэпрэсіі як рухавік сыстэмы: чаму беларуская дыктатура ня можа спыніцца