Генэральны сакратар NATO назваў Беларусь у ліку чатырох краін, якія падтрымліваюць «ваенную машыну» Расеі

Марк Рутэ. Архіўнае фота

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, які знаходзіцца зь візытам ва Ўкраіне, заявіў, што начны ўдар расейскіх войскаў па ўкраінскіх гарадах сьведчыць аб нежаданьні Расеі спыняць вайну.

«Прэзыдэнт Трамп і ягоная каманда спрабуюць спыніць кровапраліцьце. Гэта зразумела, што Ўкраіна гатова аддана гэта падтрымліваць. Тут дасягнуты пэўны прагрэс, але Расея атакуе, апошняя атака адбылася гэтай ноччу. Гэта дэманструе, што яны несу’ёзна настроеныя наконт міру», — сказаў Марк Рутэ, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, паведаміла агенцтва «Укрінформ».

Генэральны сакратар NATO адзначыў, што страты Расеі ў гэтай вайне перавысілі адзін мільён чалавек, але, нягледзячы на гэта, Уладзімір Пуцін гатовы і далей на такія ахвяры.

«Кітай, Паўночная Карэя, Іран і Беларусь працягваюць падтрымліваць Расею, але пуцінская эканоміка ўсё роўна цярпіць, і рост ціску на ценевы флёт таксама мае вынікі. Мы будзем працягваць ціск на Расею і працягваць падтрымку Ўкраіне», — заявіў Рутэ.

Марк Рутэ дадаў, што цяпер альянс мусіць канцэнтравацца на тых усясьветных падзеях, якія могуць выклікаць занепакоенасьць. «Таму наша ўвага можа разьмяркоўвацца. Вам патрэбная наша падтрымка, бо тэмпэратура зьніжаецца, напады на ўкраінскую інфраструктуру нарастаюць, намаганьні зруйнаваць Украіну ўзмацняюцца. Але я хачу запэўніць, што наша ўвага не адварочваецца ад Украіны. Украіна была і застаецца ў цэнтры нашых думак пра бясьпеку, і мы гатовыя хутка і нязьменна надаваць ёй падтрымку», — дадаў ён.

Расея ў ноч на 3 лютага нанесла інтэнсіўны ўдар па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. Расейскія войскі атакавалі ЦЭЦ і ЦЭС, якія працавалі выключна на забесьпячэньне цяплом жыхароў Кіева, Харкава і Дніпра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы начнога ўдару Расеі па Ўкраіне: у Харкаве пашкодзілі ЦЭЦ, у Кіеве — дзіцячы садок і цеплавую генэрацыю