Ініцыятыву «Будзьма беларусамі!» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

На адной з імпрэзаў кампаніі «Будзьма беларусамі!». Архіўнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў 29 студзеня прызнала ініцыятыву «Будзьма беларусамі!» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Такі дадатак унесены ў адпаведны сьпіс на сайце МУС Беларусі 3 лютага.

Паводле вэрсіі ведамства, да дзейнасьці арганізацыі маюць дачыненьне Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская.

У сьпісе на сайце МУС фігуруюць сайт budzma.org, усе старонкі ініцыятывы ў сацыяльных сетках, акаўнт у платнай сыстэме PayPal, адрас электроннай пошты і лягатып.

Зьмесьціва сайту і старонак гэтага праекту ў сацыяльных сетках былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў 2023 годзе. У канцы кастрычніка 2025-га ў гэты сьпіс дадалі старонку «Будзьма Беларусамі! Budzma Belarusami!» у сетцы «Одноклассники».

1 красавіка 2025 году праект паведаміў аб крытычным фінансавым становішчы і зьвярнуўся па дапамогу да чытачоў.

Ініцыятыва «Будзьма беларусамі» ўзьнікла ў 2008 годзе як культурна-асьветніцкая кампанія з ініцыятывы Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (зьліквідаваная ў Беларусі на рашэньне ўладаў у 2021 годзе, але працягвае працаваць за мяжой). Праект публікуе артыкулы аб культуры, літаратуры, геаграфіі, славутасьцях Беларусі.

У сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў», які вядуць МУС і КДБ, зараз 331 арганізацыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская культура — гэта не мужык з каўтуном». Як паўставала кампанія «Будзьма», якая трапіла ў крытычную сытуацыю

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».