Аляксандр Лукашэнка 3 лютага правёў паседжаньне, якое прысьвечана працы прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці.
«Вось вынікі: па выніку года аб’ёмы вытворчасьці зьніжаны практычна ва ўсіх галінах прамысловасьці — мінус 4%. Па асобных напрамках — нафтаперапрацоўка, машынабудаваньне — амаль на 20 працэнтаў. Калі вы будзеце думаць, што мы і далей будзем цягнуць Віцебскую вобласьць, як і некаторыя прадпрыемствы Магілёўскай, Гомельскай вобласьці, ды і Менскай і іншых абласьцей, — на плячах цягнуць мы іх не будзем. Жадаеце жыць і працаваць — пачынайце ўпірацца», — сказаў Лукашэнка.
Днямі Белстат апублікаваў вынікі эканамічнага разьвіцьця рэгіёнаў Беларусі ў 2025 годзе.
Колькасьць насельніцтва, занятага ў эканоміцы Віцебскай вобласьці, за год зьнізілася з 453567 да 450085 чалавек. Вытворчасьць у сельскай гаспадарцы зьнізілася на 2,7%, вытворчасьць прамысловай прадукцыі — на 4%. Аптовы таваразварот зьнізіўся на 31,2%. Вынікі працы прадпрыемстваў горада Наваполацка, дзе знаходзяцца гіганты беларускай хіміі, ня ўражваюць. Прыбытак прадпрыемстваў Наваполацка склаў 119 мільёнаў рублёў, пры гэтым пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць павысілася ў 2,4 раза, пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць — на 42%, пры чым запазычанасьць па падатках і зборах, сацыяльным страхаваньні — ў 6,2 раза.
Затое спажываньне, раздробны таваразварот, увод у эксплюатацыю жыльля, рэальны заробак у Віцебскай вобласьці вырасьлі больш, чым у сярэднім па Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сельская гаспадарка Беларусі ў 2025 годзе паказала мінімальны рост, а ў жывёлагадоўлі — спад