Былы палітвязень Аляксей Капліч родам зь вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Калі пачалося поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, ён вучыўся ў дзявятай клясе, меў усяго 15 гадоў.
24 лютага 2022 году, а 5-й раніцы юнак прачнуўся ад гулу расейскіх самалётаў-зьнішчальнікаў і верталётаў — непадалёк ад яго вёскі ў Лунінцы месьціцца вайсковы аэрадром (рэзэрвовая авіябаза вайскова-паветраных сілаў войскаў проціпаветранай абароны Беларусі, куды падчас уварваньня Расеі ва Ўкраіну быў перакінуты 18-ы штурмавы авіяполк з самалётамі-штурмавікамі Су-25СМ і гелікоптэрамі Мі-8 и Мі-24. — РС). Аляксей пачаў фатаграфаваць расейскую авіятэхніку, скідваў фота ў чат-бот СБУ.
Ён яшчэ тады вырашыў, што пойдзе ваяваць за Ўкраіну. Ведаў пра беларусаў, якія ўжо гэта зрабілі, кантактаваў зь некаторымі. Украінцы паабяцалі ўзяць яго ў трэцюю штурмавую брыгаду. Тады ж Аляксей пазнаёміўся ў інтэрнэце зь дзяўчынай-украінкай Дыянай з Сумскай вобласьці, пачалі перапісвацца. Пасьля школы пераехаў у Берасьце, уладкаваўся на працу і чакаў паўналецьця, каб паехаць ваяваць.
Аляксей Капліч на прэсавай канфэрэнцыі ў Вільні, 22 сьнежня 2025 году
30 сакавіка 2025 году Аляксею споўнілася 18 гадоў, і літаральна на наступны дзень ён купіў квіток на самалёт у Грузію, каб адтуль ужо трапіць ва Ўкраіну.
«У аэрапорце я праходжу пашпартны кантроль, і малады памежнік кажа: „Давайце падыдзем да іншай відэакамэры, гэтая вас дрэнна распазнае“. Іду за ім, заходзім у кабінэт, і я разумею, што гэта мой апошні прыпынак. Надзяюць мяшок на галаву, на рукі кайданкі, тварам у стол і кажуць, што я затрыманы», — узгадвае хлопец.
СІЗА КДБ
Аляксей Капліч мяркуе, што сілавікі адсачылі ягоныя перапіскі з украінцамі. Яны аднавілі старую сім-карту Аляксея, якой ён пазбавіўся, бо дзён за пяць да затрыманьня заўважыў уваход у акаўнт зь дзьвюх прыладаў. З аэрапорту хлопца павезьлі ў цэнтральны апарат КДБ.
«На першым допыце, які доўжыўся да чацьвёртай раніцы, лязом рэзалі руку і паварочвалі тое лязо. Калі быў на допытах у кабінэтах, кармілі адзін раз на два дні, двухлітровая бутэлька вады — на 11 дзён. У СІЗА КДБ ставілі на расьцяжку, заводзілі ў „мяккі пакой“: там са столі зьвісае кручок і лябёдка. Кайданкі, што ў мяне за сьпінай, карабінам прышпільваюць да ланцуга і падымаюць тую лябёдку, у мяне пункт апоры — толькі пальцы на нагах. Ну і білі пастаянна.
12 дзён ніхто ня ведаў, што са мной і дзе я. А яны дамагаліся, каб я расказаў пра ўкраінцаў, з кім кантактаваў», — узгадвае Аляксей.
Усяго ў СІЗА КДБ Капліча пратрымалі 2 месяцы. Сустракаў ён там шмат так званых «карупцыянэраў» і толькі двух «палітычных» — Васіля Верамейчыка і Юрася Зянковіча. Расказвае, што Верамейчыка жорстка білі, не давалі нармальна спаць. Потым Аляксея перавялі ў новы СІЗА ў Калядзічы.
Два гады калёніі
Летам 2025 году Капліча судзілі ў Менскім гарадзкім судзе. Абвінавацілі яго паводле часткі 1 артыкулу 361-3 Крымінальнага кодэксу («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вэрбаваньні або рыхтаваньні асобаў да такога ўдзелу»).
Працэс быў адкрыты, прайшло тры паседжаньні. Прысутнічалі бацькі і старэйшы брат.
«Суд — гэта проста цырк.Судзьдзя пытаецца, навошта я хацеў ехаць на вайну ва Ўкраіну. Я адказаў, што гэта акупацыя Ўкраіны іншай дзяржавай. Судзьдзя сказала, што выносіць мне папярэджаньне — за што, я так і не зразумеў. У выніку — два гады за тое, што я нібыта меў намер паехаць ва Ўкраіну, хоць затрымалі мяне пры пасадцы на рэйс у Грузію», — апавядае Аляксей.
Па дарозе ў Кіеў, фота з прыватнага архіву
Бацькі даведаліся, што сын хацеў ехаць ва Ўкраіну, толькі калі яго затрымалі. Раней ён казаў ім, што зьбіраецца на заробкі ў Польшчу.
«З бацькамі я нармальна кантактую, а вось з старэйшым братам кантактаваць перастаў. Ён мяне не зразумеў, нават асудзіў. Калі я вызваліўся і сказаў, што ўсё адно буду вяртацца ва Ўкраіну, ён заявіў: „Здохнеш там як сабака“. На гэтым нашыя размовы скончыліся», — прызнаецца Аляксей.
За «Героям слава!» — ШЫЗА
Адбываць пакараньне 18-гадовага юнака накіравалі ў адну з самых суровых калёніяў — у шклоўскую. З двух месяцаў, праведзеных у шклоўскай ПК-17, 35 дзён ён знаходзіўся ў штрафным ізалятары.
«Выклікае мяне начальнік калёніі Аляксандар Карніенка. Размаўляем, ён пасярод размовы, правакуючы, нечакана прамаўляе: „Слава Ўкраіне“. Я адказваю: „Героям слава!“ І атрымліваю 15 дзён ШІЗА. Пасьля яшчэ двойчы па 10 дзён за дробныя прычэпкі. Каменны мяшок, вельмі холадна, ложак прышпілены да сьцяны. Порцыі ўдвая меншыя за звычайныя. Калі адчыняюцца дзьверы і заходзіць супрацоўнік, там ёсьць такая чырвоная лінія, на якую ты павінен стаць. Б’е, можа адзін раз ударыць, а можа і 20 разоў», — узгадвае ўмовы ШЫЗА Аляксей.
Працаваў ён на швейнай вытворчасьці — за месяц зарабіў 15 капеек. Ненашмат больш зараблялі і іншыя — па 2-3 рублі. Нягледзячы на інфармацыйную блякаду, нават за кратамі людзі разумеюць, што ўкраінцы ў гэтай сытуацыі абараняюць свой дом, кажа хлопец.
«Бальшыня не падтрымлівае Расею, не падтрымлівае Лукашэнку. Нават тыя, хто сядзіць ў калёніі па 10–15 гадоў, усё разумеюць», — сьцьвярджае Аляксей Капліч.
Нечаканае вызваленьне
12 сьнежня 2025 году Аляксей працаваў на добраўпарадкаваньні тэрыторыі калёніі, грузіў пясок у мяхі. Падыходзіць супрацоўнік калёніі і кажа: «Ідзі ў атрад», — узгадвае Аляксей.
«Там мне даюць вопіс і кажуць: „Зьбірайся на этап“. Думаў, што мяне чакае чарговы суд — і падумаць ня мог, што пасьля ўсяго двух месяцаў калёніі мяне вызваляць! На наступную раніцу бачу аднаго, другога, трэцяга „жаўтабірачніка“ — з калёніі тады вызваляліся 12 „палітычных“. Нас пагрузілі ў мікрааўтобус, на вочы насунулі шапкі, рукі ў кайданках. Мы думалі, што нас вязуць у Літву. Перад мяжой перасадзілі ў іншыя аўтобусы. Калі я ўбачыў іржавыя адбойнікі, міны, процітанкавыя „вожыкі“, „зубы дракона“, зразумеў, што вывезьлі нас ва Ўкраіну. Радасьць, эмоцыі перапаўнялі — што нас вызвалілі» — кажа былы палітзьняволены.
Аляксей Капліч у Кіеве, фота з прыватнага архіву
У Чарнігаве беларусаў сустрэлі супрацоўнікі шпіталя, утульна расьсялілі, добра кармілі, мэдсёстры ўсім аказалі дапамогу, дапамаглі зьвязацца з роднымі.
«У іх саміх вайна, а яны так душэўна нас прынялі! Я патэлефанаваў сваёй дзяўчыне Дыяне. Тая расплакалася і хацела ўжо ехаць, але я яе спыніў. Прыехала да мяне ўжо ў Вільню. У Вільні я даволі хутка атрымаў дакумэнты, і мы паехалі разам у Кіеў», — кажа Аляксей.
На прэсавай канфэрэнцыі, арганізаванай для вызваленых палітвязьняў у Вільні, Аляксей прызнаўся, што ён родзіч Сьвятланы Ціханоўскай — яе траюрадны брат.
«Спадзяюся, што Ўкраіна мяне прыме»
Раней у Кіеве хлопец ніколі ня быў. Горад яму вельмі падабаецца. Падабаецца і атмасфэра: зараз моцныя маразы, няма электрычнасьці, але людзі адзін аднаму дапамагаюць, падтрымліваюць. Пайшоў працаваць у беларускі «Пункт нязломнасьці» валянтэрам.
«„Пункт нязломнасьці“ — гэта вялікі намёт з генэратарам. Там ёсьць ацяпленьне, можна пагрэцца ў мароз, падзарадзіць тэхніку, выпіць гарбаты ці кавы, пагаварыць. Валянтэры — беларусы і ўкраінцы. Пункт працуе дзень і ноч. Пастаянна прыходзяць людзі», — апавядае Аляксей.
«Беларускі пункт нязломнасьці» ў Кіеве, дзе дапамагае Аляксей Капліч
Ён прызнаецца, што дзяўчына пакуль адгаварыла яго ісьці ваяваць. Таму будзе валянтэрыць, хача заснаваць бізнэс, каб дапамагаць украінскай арміі набываць дроны, абсталяваньне для вайскоўцаў.
«Яшчэ больш за месяц магу тут знаходзіцца легальна. Спадзяюся, што Ўкраіна мяне прыме і дазволіць легалізавацца. Хачу застацца тут. Я не магу заставацца ў баку, калі пакутуе братні ўкраінскі народ», — разважае 19-гадовы Капліч.