«Яе ад пачатку цікавіла толькі Ўкраіна». Чым у Беларусі займалася журналістка Іна Кардаш, якую СБУ абвінавачвае ў шпіянажы на карысьць КДБ

Іна Кардаш, фота з архіву lookby.media

Паводле ўкраінскіх спэцслужбаў, абвінавачаная ў шпіянажы беларуска магла працаваць на КДБ пачынаючы з 2015 году. Свабода расказвае, чым займалася ў гэты час Іна Кардаш.

27 студзеня ў Кіеве супрацоўнікі Службы бясьпекі Украіны затрымалі грамадзянку Беларусі, 35-гадовую журналістку. Прычынай арышту сталі падазрэньні ў шматгадовай працы на КДБ Беларусі. Неўзабаве пасьля затрыманьня СБУ апублікавала запісы апэратыўнага сачэньня за арыштаванай, зь якіх вынікае, што яна зьбірала інфармацыю аб дзейнасьці ўкраінскіх спэцслужбаў і дзяржаўных органаў, якую за грашовую ўзнагароду перадавала беларускаму КДБ.

СБУ не называе імя арыштаванай, але гэта зрабіў шэраг беларускіх і ўкраінскіх СМІ. Украінскія спэцслужбы арыштавалі Іну Кардаш, журналістку з 10-гадовым стажам, якая зьехала зь Беларусі пасьля пратэстаў 2020-га. Свабода пагаварыла з журналістамі некалькіх недзяржаўных мэдыя, якія былі знаёмыя з Кардаш у 2016–2020 гадах.

Праца ў паліўнай кампаніі, вучоба ў ЭГУ

Іна Кардаш нарадзілася ў Заслаўі пад Менскам 23 ліпеня 1991 году. Паводле зьвестак аб’яднаньня BelPol, бацька журналісткі ўжо памёр, маці прынамсі да нядаўняга часу працавала кіраўніком аддзелу на прадпрыемстве «Дарыда».

Вучылася Кардаш у 187-й школе ў Менску, недалёка ад плошчы Якуба Коласа. У профілі журналісткі ў Фэйсбуку пазначана, што пасьля школы Кардаш паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны унівэрсытэт, аднак невядома, ці ўдалося ёй яго скончыць. Ужо ў 2012-м годзе Іна Кардаш працавала ў сетцы аўтамабільных заправак United Company, яшчэ праз год уладкавалася ў кампанію «Максбет», якой належыць сетка салёнаў з гульнёвымі апаратамі, дзе працавала да 2015-га.

Прыкладна ў 2015–2016 гадах Кардаш прыходзіць у журналістыку. На яе старонцы ў Фэйсбуку можна знайсьці згадкі пра вучобу на адпаведнай спэцыяльнасьці ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Свабода зьвярнулася ў ЭГУ з просьбай пацьвердзіць інфармацыю пра навучаньне Кардаш ва ўнівэрсытэце, на момант публікацыі гэтага матэрыялу адказу мы не атрымалі.

Іна Кардаш у амбасадзе Украіны ў Менску, архіўнае фота

У 2016 годзе зьяўляюцца першыя публікацыі Кардаш, якія сёньня можна знайсьці ў адкрытым доступе. Яны выйшлі на сайце Беларускай службы Радыё Свабода.

«Калі Іна Кардаш вучылася ў ЭГУ на журналістыцы, ёй былі патрэбныя публікацыі ў СМІ для справаздачы ва ўнівэрсытэт, яна прапанавала свае тэксты менскаму бюро Радыё Свабода, — згадвае супрацоўнік службы, які працаваў у той час у менскім бюро РС. — Агулам на сайце Свабоды выйшла пяць яе публікацый, сярод іх інтэрвію з удзельнікам менскіх перамоваў у рамках Трохбаковай кантактнай групы ў пытаньні Данбасу Раманам Бясьсьмертным, вэтэранам вайны на Данбасе чарнігаўскім беларусам Сяргеем Багукальцам, пісьменьнікам Уладзіславам Ахроменкам, чарнігаўскім сьвятаром Яўгенам Ордам».

Пра тое, што Іна Кардаш з самага пачатку сваёй кар’еры займалася амаль выключна ўкраінскімі тэмамі, гавораць і беларускія журналісты, якія дзесяць гадоў таму перасякаліся зь ёй у Менску і пагадзіліся расказаць аб гэтым на ўмовах ананімнасьці.

«Яна зьявілася недзе ў 2016-17 гадах, — узгадвае Кардаш у размове з Свабодай адзін з такіх суразмоўцаў. — Дзіўнае ўражаньне пакідала. Ніхто толкам ня ведаў, дзе яна працуе, чым займаецца. Яе ад пачатку цікавіла толькі Ўкраіна. І такая вузкая спэцыялізацыя была дзіўнай. Зараз, вядома, ужо можна зразумець, чаму так было. Але звычайна так вузка не працуюць. У Менску ў той час недзяржаўных журналістаў ня так шмат было, мы ўсе ведалі адно аднаго, разам тусаваліся пэрыядычна. А Кардаш зьявілася ніадкуль і амаль ні з кім не заводзіла знаёмстваў. Нехарактэрна сябе паводзіла».

Іншы суразмоўца Свабоды з журналісцкай сфэры ўзгадвае, што прыкладна з 2016 году Іна Кардаш стала пэрыядычна зьяўляцца на прыёмах і захадах, арганізаваных амбасадай Украіны ў Менску. Там яна знаёмілася з дыпляматамі і рэдактарамі недзяржаўных СМІ. Якім чынам Кардаш трапляла на такія прыёмы, ніхто з суразмоўцаў згадаць ня змог. Амбасады, у тым ліку ўкраінская, звычайна складаюць свой пул з дасьведчаных супрацоўнікаў мэдыя, трапіць на прыём няштатніку бяз досьведу няпроста.

Выхад прадстаўнікоў Трохбаковай кантактнай групы да журналістаў у Менску. На такіх прэсавых канфэрэнцыях часта працавала Іна Кардаш

Паводле расьсьледаваньня ўкраінскага каналу ТСН, на такім мерапрыемстве маладую беларускую журналістку пазнаёмілі з кіраўніком аднаго з вядучых украінскіх інфармацыйных агенцтваў, які меў высокі аўтарытэт у прафэсійным асяродзьдзі. Яго папрасілі дапамагчы 25-гадовай журналістцы з працай, і, як сьцьвярджаецца, ён трапіў пад яе асабісты ўплыў. Пры гэтым, паводле зьвестак СБУ, ужо тады Кардаш была дзейнай агенткай КДБ, выступаючы пад легендай апазыцыйнай журналісткі, якая супрацоўнічае з украінскімі СМІ.

Сяброўства з скандальным апэратарам

Прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў размове з Свабодай расказаў, што прыкладна зь сярэдзіны дзясятых гадоў пачаў заўважаць Кардаш на розных украінскіх імпрэзах у Менску.

«Яна працавала або для ўкраінцаў, або з украінскімі тэмамі, — узгадвае Гарэцкі. — Я ўвогуле доўгі час думаў, што яна грамадзянка Ўкраіны. Быў знаёмы крыху. Шмат пра яе я ня ведаў. У БАЖ яна не ўступала, ніякіх пытаньняў пра нашу арганізацыю не задавала».

Адным з тых, з кім Іна Кардаш падчас працы ў Беларусі падтрымлівала цесныя адносіны, быў апэратар Васіль Сямашка. Да 2015 году ён працаваў у інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, адкуль яго звольнілі праз рознагалосьсі з кіраўніцтвам «ва ўкраінскім пытаньні». Як расказаў у размове з Свабодай адзін з былых калег Васіля, Сямашка пасьля 2014 году заняў прарасейскую пазыцыю і гэта пачало праяўляцца ў яго працы.

Пасьля сыходу зь БелаПАН Васіль Сямашка пачаў працаваць як фрылансэр. Здымаў у тым ліку на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях, рабіў сюжэты з розных месцаў Беларусі. Пазьней уладкаваўся ў расейскія СМІ.

«Яна, скажам так, не была падобнай да журналісткі, — расказвае пра Іну Кардаш яшчэ адзін суразмоўца Свабоды. — Хутчэй да супрацоўніцы дзяржаўнай тэлевізіі. Вельмі хацела завесьці знаёмствы з хлопцамі, якія здымалі відэа. Тады апэратараў было няшмат. І вось яна аціралася каля Васі Сямашкі пераважна. Які на той момант ужо меў вельмі неадназначную рэпутацыю сярод калег і зь ім мала хто меў кантакты».

Васіль Сямашка быў адным з самых блізкіх да Іны Кардаш журналістаў у Менску, архіўнае фота

У 2017 годзе Кардаш пачынае супрацоўнічаць з украінскім тэлеканалам «112 Україна». Для яго яна рабіла рэпартажы зь Беларусі на беларускія і ўкраінскія тэмы. Яны былі прысьвечаныя курсам украінскай мовы ў Менску, жартаўліваму абвяшчэньню «Вейшнорыі» падчас вучэньняў «Захад-2017», пахаваньню маці Міхася Жызьнеўскага, шматлікім сустрэчам у кантэксьце перамоваў Трохбаковай кантактнай групы.

Ва Ўкраіне тэлеканал, на якім працавала Іна Кардаш, меў рэпутацыю прарасейскага. У 2019 годзе ў яго пачаліся праблемы з ліцэнзаваньнем, а ў 2021-м Уладзімір Зяленскі забараніў трансьляцыю каналу «112 Україна» адмысловым указам.

«Прасіла пастаянна нечым дапамагчы ёй»

На якіх умовах Іна Кардаш працавала для «112 Україна» ў Менску, невядома. У беларускіх базах зьвестак няма пазнакаў аб тым, што яна была працаўладкаваная там у якасьці карэспандэнткі або штатнай супрацоўніцы. Паводле зьвестак, якімі з Свабодай падзялілася аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol, у 2018–2019 гадах Іна Кардаш была супрацоўніцай таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут бай медыа». Аднак былыя журналісты парталу Tut.by ў размовах з Свабодай не змаглі прыгадаць, каб бачылі Кардаш у той час у офісе ці нават проста нешта чулі аб яе працы для парталу.

«Мы з былымі калегамі спрабавалі ўзгадаць яе, але ніхто ня змог, — расказаў у размове з Свабодай былы журналіст парталу. — Магчыма, яна супрацоўнічала з кімсьці з нашых прадстаўніцтваў у рэгіёнах. Зараз усіх апытаць складана ўжо, страцілі сувязі. Але ў офісе ў Менску яе дакладна не было, яна не працавала з Tut.by на пастаяннай аснове».

Паводле суразмоўцы, з парталам Tut.by Іна Кардаш магла быць зьвязаная таксама праз супрацу з кімсьці, у каго партал набываў матэрыялы. Такое часам здаралася, калі фрылансэры прапаноўвалі эксклюзіўныя фота ці відэа. У тым ліку з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны.

«Яна ня вельмі разумная была, я так скажу, — узгадвае арыштаваную СБУ беларуску яшчэ адзін журналіст, які некалькі разоў перасякаўся з Інай Кардаш у агульных кампаніях у Менску. — Сымпатычная, але ўсё на гэтым. Апраналася добра, было заўважна, што яна мае грошы. Але ніхто не пытаў, адкуль. Ведалі, што яна працуе на ўкраінскую тэлевізію, там маглі быць высокія ганарары, ня тое што ў беларускіх СМІ. Прасіла пастаянна нечым дапамагчы ёй, зьняць штосьці. Некаторыя хлопцы на гэта вяліся, вядома. Працавалі зь ёй. Але каб яна мела з кімсьці з журналістаў сталыя кантакты, то я не скажу».

У 2020 годзе Іна Кардаш, як і многія іншыя беларускія журналісты, працавала на выбарчых падзеях і акцыях пратэсту. Вядома пра некалькі выпадкаў, калі Кардаш затрымлівалі сілавікі. У тым жа 2020-м яна зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну. Паводле зьвестак BelPol, апошні раз у Беларусі Кардаш затрымлівалі 16 кастрычніка 2020 году, тады да яе «былі прымененыя меры індывідуальнай прафіляктыкі». Пасьля гэтага сілавікі ўнесьлі прозьвішча журналісткі ў базу «Беспарадкі».

Затрыманьне журналістаў недзяржаўных СМІ падчас пратэстаў 2020 году, ілюстрацыйнае фота

«У 2020-м яна пачала цікавіцца беларускімі актывістамі, удзельнікамі пратэстаў, — расказаў Свабодзе журналіст, у той час знаёмы з Кардаш. — Езьдзіла некуды за горад на сустрэчы зь імі. Не было зразумела, навошта. Усё самае цікавае адбывалася на самых пратэстах. Але ніхто не надаваў значэньня гэтаму тады».

Прыкладна на канец 2010-х прыпадае блізкае знаёмства Іны Кардаш з былым беларускім палітвязьнем Аляксандрам Малчанавым, які зьехаў ва Ўкраіну пасьля Плошчы 2010 году і з 2016 году знаходзіўся на службе ва Ўзброеных сілах Украіны. Пра гэта Малчанаў сам напісаў у сацыяльных сетках пасьля арышту Кардаш.

«Падрабязнасьцяў я пакуль расказваць ня буду, — сказаў Малчанаў у размове з Свабодай. — Магу толькі паведаміць, што наша знаёмства адбылося за некалькі гадоў да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну».

Беларускія ўлады пакуль ніяк не камэнтавалі арышт СБУ Іны Кардаш і яе абвінавачваньне ў шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі.