Урад прадоўжыў забарону на ўвоз алькаголю зь беларускімі акцызамі з «недружалюбных» краін

Крамы з айчыннай і расейскай алькагольнай прадукцыяй. Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі сваёй пастановай забараніў імпарт на тэрыторыю краіны паслуг па маркіраваньні беларускімі акцызнымі маркамі алькагольнай прадукцыі, якую ўвозілі юрыдычныя і фізычныя асобы з краін, што ажыцьцяўляюць «недружалюбныя» дзеяньні супраць Беларусі, яе грамадзян і арганізацый.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, гэтая забарона будзе дзейнічаць да 31 сьнежня ўключна.

У пералік «недружалюбных» краін уключылі Аўстралійскі зьвяз, усе дзяржавы Эўразьвязу, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Новую Зэляндыю, Альбанію, Ісьляндыю, Паўночную Македонію, Вялікую Брытанію, ЗША, Чарнагорыю і Швайцарыю.

Урад Беларусі пачаў уводзіць абмежаваньні для краін і інтэграцыйных аб’яднаньняў у 2022 годзе ў адказ на ўвядзеньне санкцый за саўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь да канца 2027 году падоўжыла забарону на ўвоз тавараў зь «недружалюбных краін». Цяпер з выняткамі