Беларусы ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага на малой радзіме правадыра паўстаньня. ФОТА

Рэканструктары ў строях паўстанцаў 1863 году. Фота Яраслава Іванюка

У роднай вёсцы Кастуся Каліноўскага адбыўся марш.

Пешы марш і ганаровая варта перад помнікам у гонар Кастуся Каліноўскага ў Мастаўлянах на Падляшшы — так беларусы ўшанавалі 163-ю гадавіну выбуху паўстаньня 1863 году на беларускіх землях і 188-ы дзень народзінаў беларускага героя.

Ушанаваньне герояў адбылося нягледзячы на 15 градусаў марозу, адзначыў у сваім допісе беларускі журналіст з Падляшша Яраслаў Іванюк.

Удзельнікі акцыі. Фота Яраслава Іванюка

Марш. Фота Яраслава Іванюка

Удзельнікі акцыі. Фота Яраслава Іванюка

На імпрэзе былі чытаньне «Лістоў з-пад шыбеніцы», ускладаньне кветак і зьнічоў. Удзельнікі пешым маршам з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі да былой сядзібы Каліноўскіх і памятных табліцаў.

Усе прысутныя былі ўзнагароджаныя граматамі ўдзельніка KALINOŬSKI MARŠ 2026 і памятнымі падарункамі.

Марш арганізавала міжнародная арганізацыя «Рух». Паводле яе, у ім узялі ўдзел каля ста чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці добра вы ведаеце эпоху і герояў паўстаньня Кастуся Каліноўскага? ТЭСТ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За нашу і вашу свабоду!» Як беларусы віталі прэзыдэнтаў на цырымоніі ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году. ФОТА