У Пакістане пры атаках сэпаратыстаў загінулі больш за 80 чалавек

Пакістанскія вайскоўцы на месцы нападу чальцоў групоўкі "Армія вызваленьня Белуджыстана", 31 студзеня 2026 года

У суботу ў Пакістане падчас сутыкненьняў з сіламі бясьпекі загінулі як мінімум 67 членаў групоўкі «Армія вызваленьня Белуджыстана», паведамляе агенцтва Reuters.

Сутыкненьні адбыліся ў некалькіх гарадах правінцыі Белуджыстан. Сьцьвярджаецца, што падчас нападаў, сплянаваных чальцамі групоўкі, загінулі 11 мірных жыхароў і каля 10 супрацоўнікаў паліцыі і сіл бясьпекі. Яшчэ 24 паліцыянты атрымалі раненьні.

Reuters адзначае, што напады адбыліся на наступны дзень пасьля таго, як пакістанскія вайскоўцы паведамілі аб ліквідацыі 41 чальца групоўкі падчас рэйдаў у Белуджыстане.

«Армія вызваленьня Белуджыстана» узяла на сябе адказнасьць за напады. У групоўцы сьцьвярджаюць, што былі забітыя 84 супрацоўнікі пакістанскіх сіл бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пакістане абвясьцілі пра 261 вакансію на працу ў Беларусі

Міністар унутраных спраў Пакістана Мохсін Накві асудзіў напады і пахваліў сілы бясьпекі за іх адбіцьцё.

  • Белуджыстан, які мяжуе з Аўганістанам і Іранам, зьяўляецца самай буйной, але пры гэтым самай беднай правінцыяй Пакістана. «Армія вызваленьня Белуджыстана» вядзе барацьбу за незалежнасьць рэгіёну. Групоўка прызнана тэрарыстычнай у шэрагу краін, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію і дзяржавы ЭЗ.