Пра гэта паведамляе DW.
ЦАХАЛ упершыню пацьвердзіла, што падчас вайны паміж ізраільскімі сіламі і палестынскім радыкальным ісламісцкім рухам ХАМАС загінулі каля 70 000 чалавек у сэктары Газа. Пра гэта ў чацьвер, 29 студзеня, паведамілі выданьні The Jerusalem Post і The Times of Israel.
Паводле ЦАХАЛ, каля 25 тысячаў чалавек з гэтага ліку былі баевікамі ХАМАС. Ізраільская армія таксама паведаміла, што да першых месяцаў 2024 году каля 13% ракет, якія запускаліся ХАМАС з Газы, мелі тэхнічныя дэфэкты і падалі на тэрыторыі сэктара, што павяло за сабой гібель вялікай колькасьці палестынцаў.
Паводле ацэнак ЦАХАЛ, сілы ХАМАС таксама пакаралі сьмерцю многіх палестынцаў, якіх яны лічылі палітычнымі апанэнтамі і абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з Ізраілем. Цяпер ЦАХАЛ працуе над дакладнай ацэнкай суадносінаў загінулых цывільных жыхароў і баевікоў, а таксама колькасьці людзей, якіх забілі прадстаўнікі ХАМАС.
Паводле міністэрства аховы здароўя Газы, на дадзены момант колькасьць загінулых складае 71 667 чалавек, у тым ліку больш за 450 чалавек, забітых пасьля спыненьня агню ў кастрычніку 2025 году. Ведамства ўстанавіла імёны і асобы больш за 90% ахвяр, чые целы былі знойдзены. Яно, аднак, не паказала, колькі было ісламісцкіх баевікоў сярод загінулых, а таксама ці ўлічаны ў статыстыцы сьмерці палестынцаў ад натуральных прычын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль у 2026 годзе забароніць дзейнасьць дзясяткаў гуманітарных арганізацый у сэктары ГазаЭскаляцыя канфлікту на Блізкім Усходзе
Сытуацыя на Блізкім Усходзе рэзка абвастрылася 7 кастрычніка 2023 году. Радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС учыніў маштабную атаку на Ізраіль. Баевікі нанесьлі масіраваны ракетны ўдар па Ізраілі, уварваліся на яго тэрыторыю і ўчынілі самую масавую расправу над цывільным насельніцтвам у гісторыі сучаснай ізраільскай дзяржавы, забіўшы каля 1200 чалавек. Баевікі таксама захапілі каля 250 закладнікаўі вывезьлі іх у сэктар Газа. Частка закладнікаў была абмененая або вызваленая, частка загінула.
Ізраіль у адказ абвясьціў вайну ХАМАС. Падчас наземнай апэрацыі і бамбаваньняў сэктара Газа каля 170 тысячаў былі параненыя, сьцьвярджала падкантрольнае ХАМАС міністэрства аховы здароўя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Давосе падпісалі статут Рады міру, ініцыяванай Трампам. Што гэта такое і хто далучыўсяСпыненьне агню і мірны плян Трампа па Газе
У кастрычніку 2025 году ўлады Ізраілю і ХАМАС пагадзіліся на спыненьне агню па мірным пляне, распрацаваным адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША Дональдам Трампам. Гарантамі выкананьня дамоўленасьцяў паміж Ізраілем і рухам ХАМАС выступілі ЗША, Турэччына, Катар і Эгіпет. Падчас першага этапу баевікі ХАМАС вярнулі ўсіх астатніх ізраільскіх закладнікаў у абмен на вызваленьне палестынскіх зьняволеных з турмаў Ізраілю.
У сярэдзіне студзеня Белы дом заявіў аб пачатку другога этапу пляну Трампа па завяршэньні баявых дзеяньняў у сэктары Газа. У яго рамках павінныя быць створаны «Рада міру» і падсправаздачны яму Нацыянальны камітэт, які возьме на сябе кіраваньне рэгіёнам, пакуль гэтую задачу ня будзе гатова пераняць Палестынская нацыянальная адміністрацыя.