Фонд «Дапамога цяжкахворым дзецям» паўстаў на наступны год пасьля закрыцьця папярэдняга фонду, якім займаўся Вячаслаў Лысянкоў — «Рух душы», як піша «Наша ніва». Як паведамляе Сьледчы камітэт, які заняўся ягонай крымінальнай справай, мужчына, «займаючы пасаду дырэктара, аднаасобна кантраляваў дзейнасьць арганізацыі: распараджаўся маёмасьцю, падпісваў дамовы і рабіў усе юрыдычна значныя дзеяньні».
Жыхару Менску, які трапіў пад сьледзтва, 28 гадоў.
«Фонд займаўся зборам грашовых сродкаў для лячэньня цяжкахворых дзяцей. Тысячы калектываў па ўсёй краіне атрымлівалі лісты з просьбай аказаць матэрыяльную дапамогу, у гандлёвых цэнтрах і ўстановах аховы здароўя расстаўляліся скрыні для ахвяраваньняў. Варта адзначыць, што наяўныя грошы на рахункі так і не залічваліся, а іх лёс у цяперашні час высьвятляюць сьледчыя», — паведамілі ў СК.
Сьледзтва таксама лічыць, што абвінавачаны наўмысна, рэалізуючы дзеля сыстэмнага асабістага ўзбагачэньня, перайначваў інфармацыю аб «падапечных» на сайце арганізацыі. Нават калі фонд ужо аказаў дапамогу — грошы працягвалі паступаць фігуранту крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальным банку паведамілі, колькі летась скрадзена грошай з рахункаў грамадзян і прадпрыемстваў БеларусіЗатрыманы таксама быў заснавальнікам трох камэрцыйных таварыстваў, зарэгістраваных на ягонае імя, а таксама кіраваў юрыдычнай асобай, створанай ягонай знаёмай.
У большасьці выпадкаў грошы, што паступалі на рахунак фундацыі, ішлі не на дапамогу дзецям, а траціліся на гаспадарчыя патрэбы, куплю і абслугоўваньне аўтамабіляў, арэнду кватэры, набыцьцё тэхнікі, асабістыя бытавыя патрэбы, лічыць сьледзтва. Таксама рабіўся незаконны пераказ грашовых сродкаў у гатоўку «з мэтай крадзяжу».
У выніку кіраўніком фонду зацікавілася упраўленьне ДФР КДК па Менскай вобласьці і Менску. Сьледчыя мяркуюць, што затрыманы выкраў звыш 830 тысяч рублёў. Цяпер яго чакае суд, дзе яму пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Пакуль жа абвінавачанага зьмясьцілі пад варту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Махляры знайшлі яшчэ адзін спосаб выманьваць грошы ў беларусаў, прапануюць дапамогу ў атрыманьні візаў