Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнт гутаркі
— Вас затрымалі 16 лютага 2024 году, у той дзень за кратамі загінуў расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны і вы хацелі ўшанаваць памяць Аляксея Навальнага каля расейскай амбасады ў Менску. Вам далі 6 гадоў турмы паводле абвінавачваньня «у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» і «заклікаў да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Адзін год і сем месяцаў за кратамі ў сьледчай турме і ў горацкай калёніі — што яны ў вас забралі незваротна?
— Свабоду і здароўе. Свабода — гэта самае каштоўнае, што ёсьць у чалавека. І здароўя там не дадалося. Былі чатыры галадоўкі... Хаця, скажам так, мне яшчэ пашанцавала: фактычна сем месяцаў я правёў у адзіночнай камэры. Добра, што мяне вызвалілі. Вялікі дзякуй амэрыканцам. Бо псыхалягічна было вельмі цяжка, і, магчыма, маглі быць сур’ёзныя парушэньні псыхікі. Пры такім ціску, калі ты сем месяцаў знаходзісься ў адзіночцы, можна проста зварʼяцець. Плюс усе гэтыя прыніжэньні, зьвязаныя з так званым нізкім статусам. Гэта вельмі бʼе па самалюбстве, з гэтым трэба змагацца, бо гэта прыніжае чалавечую годнасьць. І калі гэта ўнутрана не прымаеш, ты ўступаеш у супрацьстаяньне з гэтай сыстэмай, якая існуе ў беларускіх турмах. І тут ужо пытаньне — хто пераможа: альбо ты, альбо турма.
Тая ж галадоўка — сем месяцаў. Пасьля гэтага мне ставілі кропельніцы, мяне фактычна выносілі, я не разумеў, куды іду. Былі галюцынацыі і ўсё астатняе. Гэта тыя наступствы, якія застаюцца пасьля турмы. Але, дзякуй Богу, цяпер я на волі, у вольнай краіне. І я думаю, што псыхалягічна беларусы цяпер таксама знаходзяцца, калі казаць пра краіну ў цэлым, у такой сабе «беларускай турме». Бо немагчымая камунікацыя, немагчыма гаварыць — і гэта вялікая праблема.
— Наколькі, паводле вашага досьведу, распаўсюджаная практыка наданьня палітычным зьняволеным так званага «нізкага статусу» як спосабу прыніжэньня і ціску?
— Гэта вельмі распаўсюджаная практыка. Гэта такая крымінальная традыцыя, якая выкарыстоўвалася яшчэ з 1937 году супраць зьняволеных. Цяпер яе вельмі актыўна ўжываюць супраць палітычных актывістаў або людзей, асуджаных паводле палітычных матываў. Напрыклад, калі нас перад вызваленьнем пасадзілі ў камэру на 12 чалавек, то чацьвёра палітычных ужо мелі «нізкі статус». І ў калёніі я таксама сустракаў у «нізкім статусе» шмат людзей, зусім не крымінальнікаў: нехта працаваў майстрам, нехта быў актывістам, нехта выходзіў на пратэсты і ішоў наперадзе калёны. І вось ім надавалі «нізкі статус». Гэта форма прыніжэньня, каб проста зламаць чалавека. І калі ты знаходзісься ў турме, гэта моцны ціск.
Трэба разумець, што цяпер гэта ўжо не ідзе ад так званых крымінальных аўтарытэтаў. Гэта больш зьвязана з апэратыўнікамі, з адміністрацыяй. Але рукамі гэтых самых «аўтарытэтаў», якія прытрымліваюцца крымінальных правілаў, табе гэты статус прысвойваюць — і жыцьцё ў калёніі становіцца проста невыносным.
— А ці можна ад гэтага статусу пазбавіцца?
— Не. Яго могуць скасаваць толькі нейкія вельмі высокія крымінальныя «рангі», я не хачу пра гэта публічна гаварыць. Але і гэта — чыстае беззаконьне. Калі я таксама атрымаў гэты статус, начальнік калёніі сказаў, што мне яго прысвоілі за тое, што я сядзеў за круглым сталом з чалавекам, які рабіў даклад на тэму ЛГБТ. То бок тое, што я проста сядзеў за адным сталом, стала падставай для прысваеньня мне «нізкага статусу». Я разумеў, што гэта было зроблена наўмысна з боку апэратыўнікаў. Думаю, яны проста «загуглілі» дзейнасьць партыі ці мае камэнтары на гэтую тэму яшчэ з 2010 году. І гэта ўсё стала падставай для ціску на мяне. Бо ў турме, калі б у мяне не было гэтага статусу, я, магчыма, адчуваў бы сябе значна больш вольна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусам трэба трошкі патрываць, дачакацца, калі Лукашэнка сыдзе», — былы палітвязень, дарадца Ціханоўскай