Лукашэнка прыехаў адкрываць новы цэх на падсанкцыйным прадпрыемстве, што супрацоўнічае з ВПК Расеі

Лукашэнка прыехаў на прадпрыемства «Планар», 30 студзеня 2026 году

Аляксандар Лукашэнка адкрыў новы цэх на прадпрыемстве «Планар», якое знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за супрацу з прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу Расеі.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, у холдынгу адкрылі цэнтар спэцтэхналягічнага абсталяваньня для вытворчасьці фоташаблёнаў і мікраоптыкі.

«Гэта адзіны на тэрыторыі краін былога СССР комплекс, які дазваляе ствараць вырабы тэхналягічнага ўзроўню 90 нм, крытычна неабходныя для стварэньня перадавых узораў абсталяваньня электроннага машынабудаваньня», — адзначаецца ў паведамленьні.

«Гэта будучыня. [...] Калі ты не адстанеш, у цябе заўсёды будзе работа і вялікія грошы. Ня толькі нашы. Ты апярэдзіў усё і ўсіх. І ў Беларусі, і ў Расеі», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да генэральнага дырэктара ААТ «Планар» Сяргея Авакава.

Лукашэнка заявіў, што «не дарма ўкладаў грошы» ў разьвіцьцё электроннай прамысловасьці. «Тое, пра што людзі ў савецкі пэрыяд марылі (тыя, хто закладваў гэтую аснову) — мары пачалі збывацца», — дадаў ён.

Паводле яго, у сфэры мікраэлектроннай прамысловасьці трэба і далей «бегчы на паўкроку паперадзе і выдаваць прадукцыю, запатрабаваную ва ўсім сьвеце».

У цэнтры, які пачаў працаваць на прадпрыемстве «Планар»

Дзяржаўнае агенцтва паведаміла, што цэнтар змаглі стварыць і падрыхтаваць да працы ў рэкордна сьціслыя тэрміны і на 2 гады раней, чым плянавалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія прадпрыемствы зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне і што зь імі будзе, калі яна скончыцца

Беларускі холдынг «Планар» вырабляе абсталяваньне для мікраэлектронікі, оптыкі і радыётэхнікі. Яго прадукцыя можа выкарыстоўвацца як у цывільнай прамысловасьці, а і ў вайсковай — напрыклад, пры стварэньні прыцэлаў, радараў і сыстэм навядзеньня. Цяпер кампанія, якая знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, ЗША і Канады, актыўна супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расеі.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.