У Беларусі заявілі аб росьце аб’ёму платных мэдычных паслуг для іншаземцаў, асабліва ў памежжы зь Літвой, Латвіяй і Польшчай

Адзін з санаторыяў у Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўніца аддзелу эканомікі сфэры паслуг Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Мілашэвіч заявіла, што за апошнія пяць гадоў павялічыўся экспарт мэдычных паслуг у памежных рэгіёнах Беларусі.

«З Расеяй паказьнік павялічыўся ўтрая (26,3 мільёна даляраў), з Латвіяй — у 9 разоў (2,3 мільёна даляраў), зь Літвой — на 31,6 адсотка (0,6 мільёна даляраў), з Польшчай — у 2,1 раза (0,13 мільёна даляраў). [...] Дарэчы, павялічыўся і чэк на аднаго пацыента — за пяць гадоў на 20 адсоткаў: з 260 да 310 даляраў», — сказала Алена Мілашэвіч у інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by.

Паводле яе, у 2025 годзе аб’ём экспарту мэдычных паслуг павялічыўся ў 1,6 раза ў параўнаньні з узроўнем 2020 году і дасягнуў 51,8 мільёна даляраў. Сярод найбольш папулярных паслуг: акушэрства і гінэкалёгія (рост на 82,6%), нэўралёгія і нэўрахірургія (71,9%), траўматалёгія (32,7%), анкалёгія (15,6%), афтальмалёгія (6,1%).

Спасылаючыся на зьвесткі Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санаторна-курортным лячэньні насельніцтва, Алена Мілашэвіч адзначыла, што санаторна-курортныя паслугі складаюць больш за 30 адсоткаў ад усіх турыстычных паслуг.

Паводле яе, у 2024 годзе з 1,5 мільёна чалавек, якія адпачывалі ў санаторыях, 247 тысяч прыехалі з-за межаў Беларусі, а 95% такіх іншаземцаў складаюць грамадзяне Расеі.

У канцы 2025 году стала вядома, што ў беларускіх санаторыях будуць праходзіць рэабілітацыю расейскія вайскоўцы, якія ваявалі ва Ўкраіне, а таксама нібыта жыхары Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў Расеі, дзе адбываліся баявыя дзеяньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхароў Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў Расеі, дзе былі баі, накіроўваюць у беларускія санаторыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх санаторыях будуць праводзіць рэабілітацыю расейцаў, параненых на вайне ва Ўкраіне