Паўмільёна беларусаў ня маюць доступу да цэнтралізаванага забесьпячэньня вадой

Ілюстрацыйнае фота

Сотні тысяч беларусаў дагэтуль жывуць без цэнтралізаванага водаправоду і каналізацыі.

Такія лічбы статыстыкі прывяла генэральная дырэктарка «Белводаканалу» Ірына Роўба, пішуць «Минск-новости».

Паводле чыноўніцы, паслугамі цэнтралізаванага водазабесьпячэньня на пачатак 2026 году ў краіне ахопленыя 93,9% жыхароў, а каналізацыі — 81%. Больш за 500 000 жыхароў Беларусі абыходзяцца іншымі крыніцамі.

Але і такога выніку, паводле І. Роўбы, удалося дасягнуць толькі ўклаўшы вялікую працу. За апошнія пяць гадоў ў Беларусі адкрылі каля 100 сьвідравінаў, пабудавалі больш за 1000 станцыяў абезжалезваньня вады і праклалі 250 км новых водаправодных сетак. Агулам для паляпшэньня якасьці вады ў краіне ўвасобілі больш за 1000 розных праектаў.

Адной з ключавых падзей 2025 году Роўба назвала поўны перавод Менску на падземныя артэзіянскія крыніцы. Аднак такая вада мае прыродную асаблівасьць — высокае ўтрыманьне жалеза — і таму патрабуе абавязковай аэрацыі. У 2026 годзе для такіх мэтаў у краіне працуюць 2268 адмысловых станцыяў.

Таксама прадпрыемства займаецца ачышчэньнем сьцёкаў. Згодна з пададзенымі лічбамі, за 5 гадоў у краіне рэканструявалі 56 камунальных ачышчальных збудаваньняў. Дзякуючы гэтаму 97% усіх сьцёкавых водаў цяпер ачышчаюцца перад скідам у рэкі і азёры. Гэта каля 1,4 млн кубічных мэтраў штодня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Клецак двойчы за два дні быў без вады: прарвала трубы, пракладзеныя ў 1974 годзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску заявілі, што ўзаемадзеяньне ў ахове агульных рэк прыпыненае з усімі суседзямі, апроч Расеі