Клецак двойчы за два дні быў без вады: прарвала трубы, пракладзеныя ў 1974 годзе

Рамонт вадаправоду ў Клецку, фота kleck.by

28 і 29 студзеня жыхары гораду заставаліся без цэнтралізаванага забесьпячэньня вадой.

Як паведаміла абласная газэта «Мінская праўда», «жыхары Клецку сутыкнуліся зь перабоямі ў водазабесьпячэньні, выкліканымі шэрагам аварыяў на трубаправоднай сетцы».

28 студзеня ноччу горад цалкам застаўся без вады. Сытуацыю пракамэнтаваў Ігар Давыдок, намесьнік старшыні Клецкага райвыканкаму:

«Праблемы пачаліся ў нядзелю, калі адбыўся парыў трубаправоду ў аграгарадку Янавічы, які злучаны з Клецкам у адзіную сыстэму водазабесьпячэньня. Гэта адразу павялічыла нагрузку на нашу сетку. У панядзелак сытуацыя пагоршылася праз парыў на вуліцы Савецкай у Клецку. Падвойная аварыя прывяла да зьніжэньня ўзроўню вады ў назапашвальных рэзэрвуарах Клецкага ўчастку „Салігорскводаканалу“, рэзэрвуары апусьцелі».

Паводле Ігара Давыдка, цягам дня, калі бальшыня жыхароў была на працы і спажываньне вады было мінімальным, узровень у рэзэрвуарах удалося часткова аднавіць. Аднак крытычная сытуацыя разгарнулася ўвечары, калі спажываньне рэзка ўзрасло. Помпы не змаглі забясьпечыць патрэбны аб’ём вады праз узьніклыя паветраныя коркі. Да раніцы 29 студзеня забесьпячэньне вадой у горадзе аднавілі.

Але 29 студзеня ўвечары адбыўся новы прарыў — на гэты раз на вуліцы Перамогі. Клецк зноў застаўся без вады.

Асноўным фактарам, які спрыяў аварыі, з словаў Давыдка, сталі «ўмовы надворʼя».

«Неспрыяльныя зьявы надворʼя, а менавіта рэзкія перапады тэмпэратуры, узмацняюць нагрузку на трубы і паскараюць працэс іх разбурэньня. Акрамя ўмоваў надворʼя, прычынай стаў натуральны знос мэталу. На гэтым участку трубы пакладзеныя ў 1974 годзе», — заявіў Давыдок «Мінскай праўдзе».

Адключылі ваду ў Клецку 29 студзеня ў 17:30, а ў 19:30 месца прарыву лякалізавалі. Улады абяцаюць, што забесьпячэньне вадой адновяць як найхутчэй.

Мясцовае выданьне «Да новых перамог» паведаміла, што ваду пачалі падаваць 29 студзеня ўвечары, але пры рамонце пашкодзілі кабэльную лінію і частка спажыўцоў на вуліцы Перамогі апынулася на нейкі час безь сьвятла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Смалявічах дзясяткі дамоў засталіся без ацяпленьня. Гэта ўжо пяты горад, у якім адбылася аварыя за апошнія дні

У Гомельскай вобласьці сьнег пашкодзіў два будынкі

У Мазыры часткова абрынулася перакрыцьцё ў жылым доме. Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, ад сьнежнай нагрузкі на плошчы 9 кв.мэтраў разбурылася некалькі шэрагаў цэглы і пашкоджаны дах.

Праз гадзіну ратаўнікі атрымалі інфармацыю аб тым, што паблізу вёскі Чалюшчавічы ў Петрыкоўскім раёне абрынуўся склад мэталу — пашкоджаны яго каркас і мэталічныя лісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Частка жыхароў Менску ўначы засталася без ацяпленьня. Улады абяцаюць за некалькі гадзін аднавіць сыстэму