«Цягам дзесяцігодзьдзяў дзейнічаюць пратаколы або дамовы — міжнародныя дакумэнты, якія рэгулююць узаемадзеяньне Рэспублікі Беларусь з сумежнымі краінамі. Рэспубліка Беларусь ёсьць бокам Канвэнцыі аб ахове водных рэсурсаў, таму ў рамках канвэнцыі ў тым ліку прадугледжвалася актыўнае ўзаемадзеяньне», — сказала Натальля Сьвірыдовіч на прэс-канфэрэнцыі 29 студзеня ў Менску, паведаміла выданьне «Позірк».
Паводле яе, цяпер адбываюцца кантакты толькі з Расеяй.
«Мы штогод зьбіраемся, абменьваемся інфармацыяй. Лябараторыі сустракаюцца таксама для правядзеньня параўнаньняў, наколькі маніторынгавым зьвесткам іншага боку кожны бок можа давяраць. То бок дастаткова актыўны абмен зьвесткамі, абмен досьведам, супольныя тэхнічныя навучаньні для спэцыялістаў і гэтак далей», — дадала яна.
«Што тычыцца іншых краін, пакуль узаемадзеяньне пастаўленае на паўзу, але гэта не азначае, што яно спыненае», — сказала Сьвірыдовіч.
Суседнія краіны Эўразьвязу пачалі актыўна згортваць супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, якія справакавалі маштабныя рэпрэсіі, што працягваюцца дагэтуль. Украіна далучылася да гэтага працэсу пасьля лютага 2022 году, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі падтрымаў разьвязаную Расеяй поўнамаштабную вайну супраць украінскага народу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь адмовілася ад Бэрнскай канвэнцыі. Што гэта значыць для экалёгіі краіны?