У Менску пачаўся валейбольны турнір, дзе беларусы гуляюць з камандамі з акупаваных частак Украіны

Валейбол, ілюстрацыйны здымак

Турнір «Локоволей» праходзіць у Менску і сабраў каманды зь Беларусі, Расеі, Паўночнай Карэі і акупаваных расейцамі тэрыторый Украіны.

У сталіцы Беларусі праходзіць супэрфінал турніру «Локоволей» сярод дзяўчат і юнакоў. Турнір носіць статус міжнароднага, хаця ў апошнія гады амаль ніякіх іншых супернікаў у валейбольных камандаў Беларусі і Расеі не было. Праз санкцыі, накладзеныя на фэдэрацыі абедзьвюх краінаў, яны не выступаюць у эўрапейскіх і ўсясьветных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпійскіх гульнях.

Напярэдадні супэрфіналаў турніру, арганізатарам якога зьяўляецца Расейская чыгунка (рас. РЖД), адбылася прапагандысцкая акцыя — удзельнікі ўсклалі кветкі да стэлы «Менск — горад-герой».

У турніры ўдзельнічаюць юнацкія і дзявочыя зборныя Беларусі, каманды розных рэгіёнаў Расеі, а таксама дружыны з анэксаванага Крыму і непрызнаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР» — акупаваных расейскімі войскамі частак Украіны. Акрамя таго, у спаборніцтвах бярэ ўдзел каманда Паўночнай Карэі. Інфармацыю пра гэта можна знайсьці ў раскладзе матчаў валейбольнага турніру.

Гэта ўжо ня першы выпадак удзелу беларускіх камандаў у адных спаборніцтвах з камандамі з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым адрозьніваюцца і чым падобныя Рэспубліка Беларусь і «ДНР-ЛНР»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзецям не дазваляюць быць украінцамі». Як рэжым Лукашэнкі дапамагае русыфікаваць украінскіх дзяцей