На Падляшшы грамадзянам Беларусі стала значна складаней зрабіць дазвол на жыхарства ў Польшчы. Чаканьне нярэдка займае больш за год

У Беластоку, архіўны здымак

Пра гэта гаворыць статыстыка. Тэмпы атрыманьня дакумэнтаў пры новым урадзе краіны істотна запаволіліся.

Паводле лічбаў польскага міграцыйнага парталу, у 2025 годзе ў Падляскім ваяводзтве было разгледжана толькі 4734 справы, якія тычацца дазволаў на жыхарства. Для параўнаньня: у 2024 годзе іх было 7020, у 2023 — 9690, а ў 2022 — 6648.

Адсотак станоўчых рашэньняў застаецца высокім — 87,5%, але ён усё ж зьнізіўся за апошні год (у 2024 годзе ён быў вышэйшы за 93%). У 2025 годзе падляскі ваявода выдаў толькі 4143 дазволы на жыхарства розных тыпаў у параўнаньні з 6555 у 2024 годзе.

Статыстыка легалізацыі грамадзян Беларусі яшчэ горшая, адзначае выданьне Мост. У 2025 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі крыху менш за 2000 дазволаў на жыхарства ў параўнаньні з каля 3400 у 2024 годзе і амаль 6300 у 2023 годзе. Толькі за апошні год выдача дакумэнтаў грамадзянам Беларусі зьнізілася на 41,7%, а дазволаў на пастаяннае пражываньне — больш чым напалову. Гэта самае значнае пагаршэньне становішча сярод усіх ваяводзтваў Польшчы.

На Падляшшы вырасла толькі колькасьць выдадзеных картаў рэзыдэнта — з 16 у 2024-м да 59 у 2025-м годзе.

Пры гэтым заявак менш ня стала. У 2024 годзе заявы падалі больш за 17 тыс. замежнікаў (у тым ліку 8,3 тыс. беларусаў), у 2025-м — 17,6 тыс. (колькасьць беларусаў, якія падалі заявы, амаль не зьмянілася).

З-за таго, што плынь заявак не вычэрпваецца, а тэмпы разгляду спраў запавольваюцца, утвараюцца вялікія чэргі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё маё жыцьцё тут — гэта чаканьне дакумэнтаў». Чаму беларусы Польшчы так доўга чакаюць легалізацыі

У некаторых ваяводзтвах Польшчы колькасьць выдадзеных беларусам дакумэнтаў вырасла, напрыклад, у Ніжняй Сылезіі, Вялікапольскім і Люблінскім.

На сайце OpenPetition зьявілася пэтыцыя, у якой аўтар зьвяртаецца да ўладаў ваяводзтва з просьбай знайсьці выйсьце з гэтага становішча. Яна ўжо ў першыя гадзіны сабрала 337 подпісаў.

Паводле аўтара пэтыцыі, тэрмін чаканьня рашэньня наконт ВНЖ у Падляскім ваяводзтве цяпер можа перавысіць год, ён часта складае 300-400 дзён. На ягоную думку, наступствы такога доўгага разгляду закранаюць ня толькі замежнікаў, але і эканоміку рэгіёну. Напрыклад:

  • адсутнасьць магчымасьці легальна выехаць і вярнуцца разлучае сем'і на многія месяцы;
  • працадаўцы губляюць работнікаў і праекты;
  • прадпрымальнікі прыпыняюць інвэстыцыі або пераносяць дзейнасьць у іншыя ваяводзтвы;
  • рэгіён губляе падаткаплатнікаў, адмыслоўцаў і чалавечы капітал.

Падпісанты пэтыцыі патрабуюць тэрміновага ўкараненьня пляну выхаду з крызісу (уключна з дадатковым фінансаваньнем дзяржаўнага органу, павелічэньнем штату і спрашчэньнем працэдураў), а таксама «поўнай празрыстасьці», гэта значыць публікацыі штомесячных зьвестак аб колькасьці пададзеных заяў, выдадзеных рашэньняў і сярэднім часе разгляду спраў.

У пэтыцыі патрабуюць стварэньня публічнага пляну выхаду з крызісу на працягу 14 дзён з моманту атрыманьня пэтыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы прапанавалі вярнуць абмежаваны тэрмін разгляду заяваў на міжнародную абарону