Міністэрства ўнутраных справаў Эстоніі выступіла з прапановай забараніць грамадзянам Беларусі і Расеі купляць нерухомасьць у краіне, калі яны ня маюць доўгатэрміновых дазволаў на жыхарства, — гэтая мера можа закрануць каля 10 000 замежных грамадзян.
Прапанову падаў міністар унутраных спраў Эстоніі Ігар Тара, паведамляе ERR.
Заплянаваныя зьмены забароняць грамадзянам дзьвюх дзяржаў без доўгатэрміновых дазволаў на жыхарства набываць нерухомасьць у Эстоніі. Абмежаваньні таксама закрануць кампаніі, канчатковымі бэнэфіцыярамі якіх ёсьць такія асобы.
Паводле міністра, набыцьцё нерухомасьці асобамі «зь неадназначным паходжаньнем», якія часова знаходзяцца ў Эстоніі або нядаўна прыбылі, нясе пагрозу бясьпецы ва ўмовах працягванай Расеяй вайны супраць Украіны і ва ўмовах дзеяньняў ейных хаўрусьнікаў зь Менску.
Ён дадаў, што існыя абмежаваньні на куплю нерухомасьці ў памежных раёнах і на невялікіх астравах не забясьпечваюць дастатковай абароны. На ягоную думку, Эстонія павінна перайсьці ад частковых абмежаваньняў да поўнай забароны, прыняўшы за ўзор некалькі суседніх краін Эўразьвязу і NATO, у тым ліку Фінляндыю, Нарвэгію, Швэцыю, Літву і Латвію.
У той жа час прапанаваныя захады не закрануць расейскіх і беларускіх грамадзян, якія ўжо маюць дазволы на пастаяннае пражываньне ў Эстоніі. Яны па-ранейшаму будуць мець права купляць, прадаваць, атрымліваць у спадчыну і дарыць нерухомасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонскі парлямэнт пазбавіў права голасу грамадзян Беларусі і шэрагу іншых краін на мясцовых выбарах