Мэр Вільні патлумачыў, якая будучыня чакае беларускую гімназію імя Скарыны пасьля рашэньня пра літоўскамоўнае навучаньне

Віленская беларуская гімназія

28 студзеня Віленская гарадзкая рада прыняла рашэньне, паводле якога дзеці іншаземцаў з краін, што не ўваходзяць у Эўразьвяз, змогуць вучыцца ў пачатковых клясах толькі ў літоўскамоўных школах. Але для беларусаў можа быць вынятак — пры пэўных умовах.

Мэр Вільні Валдас Бянкунскас патлумачыў, як пастанова будзе выглядаць на практыцы. Віленская беларуская гімназія імя Францішка Скарыны будзе прыроўненая да літоўскіх школаў, калі ў навучальнай праграме пабольшае заняткаў літоўскай мовай і зьявяцца паралельныя клясы.

«У Вільні здаўна ёсьць і адна дзяржаўная беларуская школа — імя Францішка Скарыны. На пасяджэньні Рады было ўхвалена, што статут гэтай школы будзе зьменены такім чынам, каб у ёй стала больш заняткаў літоўскай мовы і інтэграцыйных клясаў, таму на яе [на месца ў ёй] можна будзе прэтэндаваць як на дэ-факта літоўскую школу».

Таксама ён спыніўся на апісаньні праблемы, зь якой сутыкнуўся горад.

«Сытуацыя з школамі была сапраўды неадэкватнай — большасьць дзяцей эмігрантаў не з краінаў Эўразьвязу ішлі ў школы на расейскай навучальнай мове. Факты паказваюць, што такая сытуацыя праграмавала горшую будучыню такіх дзяцей у Літве — набыўшы пачатковую адукацыю ў нелітоўскім асяродзьдзі, ім цяжэй інтэгравацца. Гэта значыць горшыя вынікі экзамэну, абмежаваныя магчымасьці навучаньня, ніжэйшыя шанцы на рынку працы, большая сацыяльная ізаляцыя ад астатніх жыхароў Вільні.

Таму зь сёлетняга паступленьня ў школы будзем прымяняць новы прынцып: дзяцей 1–4 клясаў, ня нашых грамадзян, імігрантаў з не з краін ЭЗ, будуць запісваць толькі ў літоўскія пачатковыя школы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні пастанавілі, што дзяцей замежнікаў у пачатковай школе будуць вучыць толькі па-літоўску

Таксама Бянкунскас напісаў, што «сёньняшнія рашэньні вызначаюць, якія сацыяльныя праблемы мы будзем ці ня будзем мець праз 10 ці 20 гадоў».

Мэр Вільні падзякаваў віцэ-мэру і кіраўніку адукацыйнага камітэту гарадзкой рады за «сьмелае рашэньне».

Ён асобна падкрэсьліў, што гаворка ідзе пра дзяржаўныя школы. У прыватных школах, якія дзейнічаюць у Вільні, бацькі могуць працягваць выбіраць мову навучаньня сваіх дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылася выстава дакумэнтаў, лістоў і здымкаў 1926 году, якія сьведчаць пра надзеі беларусаў сто гадоў таму. ФОТА


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іншае імя любові». Чаму беларускія эмігранты гавораць міжсобку па-расейску