Улады патлумачылі, каму могуць палічыць наноў кошт камунальных паслуг. «Зьбеглыя» у іх лік не ўваходзяць

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі патлумачылі, хто мае права на перагляд кошту камунальных паслуг.

Як вынікае з паведамленьня, на перагляд кошту камунальных паслуг ні ў якім разе ня могуць прэтэндаваць працаздольныя людзі, не занятыя ў эканоміцы, а таксама тыя, хто з 1 сакавіка 2022 году больш чым на 30 дзён выяжджаў за межы Беларусі.

Выключэньне — выпадкі, калі грамадзянін выяжджаў за мяжу на лячэньне або ляжаў у лякарні ў момант, калі яго ўключылі ў так званую базу «дармаедаў».

Аляксандр Лукашэнка 23 студзеня падпісаў указ, якім вызначаюцца гранічна дапушчальныя тарыфы жыльлёва-камунальных паслуг на 2026 год.

У выніку плата для насельніцтва (у разьліку на сям’ю з трох чалавек, якія жывуць у двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 кв. м, пры нарматыўным спажываньні паслугаў) павысіцца ў межах 0,5 базавай велічыні, або на 22,5 рубля.

Павышаць тарыфы будуць у два этапы.

Раней улады ўвогуле зьмянілі парадак налічэньня платы за камунальныя паслугі. З 1 кастрычніка 2025 году, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то ўсе астатнія жыхары кватэры ці дому плацяць паводле павышаных тарыфаў — нават тыя, хто афіцыйна працуе і плаціць падаткі ў Беларусі. Да гэтага павышаныя тарыфы дзейнічалі толькі стасоўна так званых «дармаедаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамістка тлумачыць, чаму ў Беларусі насамрэч няма людзей, не занятых у эканоміцы