Міжнародную абарону ў Польшчы надаюць іншаземцам, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу і катаваньняў. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (так званы «жэнэўскі пашпарт») і статус дадатковай абароны — дазвол на жыхарства тэрмінам на 2 гады, які потым можна працягваць.
Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі ў Польшчы выдалі амаль 12 тысяч станоўчых рашэньняў аб выдачы такіх дакумэнтаў: каля 900 беларусаў атрымалі статус уцекача, больш за 10 тысяч — дадатковую абарону.
Падчас разгляду дакумэнтаў да атрыманьня рашэньня і плястыкавай карткі дазволу на жыхарства чалавек ня мае права працаваць. Да таго ж беларускі пашпарт здаюць ва Ўправу ў справах іншаземцаў (такім чынам, чалавек ня мае права выяжджаць за мяжу), замест пашпарта выдаюць папяровае часовае пасьведчаньне асобы іншаземца TZTC тэрмінам на 90 дзён. Пасьля чалавек атрымлівае «часовы плястык», які некалькі разоў могуць мяняць на наступны часовы і які тэарэтычна дае доступ да рынку працы. Але многія працадаўцы ня хочуць зьвязвацца з такімі кароткатэрміновымі дакумэнтамі.
Акцыя беларусаў у Варшаве, ілюстрацыйнае фота
13 сьнежня 2025 году на волю выйшла і была вывезеная за мяжу вялікая партыя беларускіх палітзьняволеных. Бальшыня зь іх — звыш 80 чалавек — прыехалі ў Польшчу і падалі дакумэнты на міжнародную абарону. Намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка з прадстаўнікамі Цэнтру беларускай салідарнасьці й ініцыятывы «Партызанка» сустрэліся з шэфам Управы ў справах іншаземцаў Томашам Цытрыновічам, які паабяцаў паскорана разглядаць справы гэтых людзей.
У той жа час беларусы, якія таксама адседзелі ў калёніях, вызваліліся яшчэ ў 2024 годзе і зьехалі з краіны празь невыносныя умовы, чакаюць дакумэнтаў па 12–15 месяцаў.
«Каб мяне ў Беларусі пакінулі ў спакоі, я б ня зьехаў за мяжу»
Андрэй (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) у Беларусі быў асуджаны на 4 гады калёніі, цалкам адбыў пакараньне. Летам 2024 году вызваліўся, нікуды не зьбіраўся зьяжджаць. Але сілавікі яму не далі жыць спакойна. Прымусілі адзначацца штодзень, пастаянна ўчынялі начныя праверкі, сфабрыкавалі «парушэньні» — зрабілі жыцьцё невыносным. Завялі новую крымінальную справу. Мужчына ня мог уладкавацца на працу і з жонкай зьехаў зь Беларусі ў Польшчу. Прызнаецца: калі прыехаў у Польшчу, спачатку яму дапамаглі — пасялілі на 2 месяцы ў прытулак, аб’явілі збор на BySol.
Андрэй падаў дакумэнты на міжнародную абарону ў лістападзе 2024 году. Дагэтуль плястыкавую карту часовага дазволу на жыхарства не атрымаў.
«Мяняю ўжо чацьвёрты „часовы плястык“, які дзейнічае 3 месяцы. Некаторым яго даюць на 6 месяцаў. Зь ім чалавек мае „доступ да рынку працы“. Але каб уладкавацца на працу, патрэбны яшчэ і дазвол urzędu (мясцовай выканаўчай улады. — РС). У прынцыпе такую даведку даюць. І, маючы даведку і „часовы плястык“, ты можаш уладкоўвацца на працу — калі цябе возьмуць. Мяне летам працадаўца, у якога я працаваў нелегальна, з „часовым плястыкам“ не аформіў на афіцыйную працу. Так што гэта нібыта і дакумэнт, і не дакумэнт. У банку яго не прызнаюць за дакумэнт», — апавядае мужчына.
Шэсьце беларусаў у Гданьску, ілюстрацыйнае фота
Улетку і ўвосень Андрэй працаваў на будоўлях без афіцыйнай дамовы, але сэзон скончыўся, і ўжо месяц ён мае толькі разавыя падпрацоўкі.
«Вось зараз паеду машыну разгружаць, каб зарабіць капейчыну. Жонка працуе ў клінінгу, прыбірае „панам“ кватэры. Самае складанае ў эміграцыі — жытло, праца, мова. Мову вывучыць яшчэ можна. Але я ня ведаю, кім трэба працаваць, каб пабудаваць сваю кватэру. Або як знайсьці кваліфікаваную працу. Усё жыцьцё жыць на здымных кватэрах? Мы тут заўсёды будзем людзьмі другога гатунку, мы ніколі ня станем тут сваімі. Таму мая парада як чалавека, які больш за год у чаканьні: калі вас на радзіме не чапаюць, не кашмараць — нікуды ехаць ня трэба. Каб мяне ў Беларусі пакінулі ў спакоі, я б ня зьехаў за мяжу», — кажа былы палітвязень.
«Чакала рашэньня год і тры месяцы»
Алена (імя суразмоўцы зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) таксама вызвалілася на пачатку восені 2024 году, цалкам адбыўшы пакараньне. Нікуды не зьбіралася зьяжджаць. Прызнаецца, што яе замучылі бясконцымі праверкамі і пагрозамі. У выніку ў лістападзе 2024 году Алена падала дакумэнты на міжнародную абарону ў Польшчы.
«На 3 месяцы атрымала папяровы часовы дакумэнт, так званы TZTC (часовае пасьведчаньне асобы іншаземца. — РС), ён скончыўся, і 2 месяцы чакала „часовага плястыку“, які выдаюць на 3 або на 6 месяцаў (як пашанцуе), потым другі „часовы плястык“. Пэрыядычна хадзіла ў галоўны офіс Управы для іншаземцаў на вуліцу Табаровую, 33 спытаць, на якой стадыі разгляд справы. Днямі выпадкова даведалася, што ўжо ёсьць станоўчае рашэньне. Мне пані ў акенцы інфармацыі сказала, што калі б я сама не прыяжджала ва Ўправу і нэрвова-трывожна не зьвярталася, то ня хутка даведалася б, што рашэньне ёсьць. Не разумею, чаму трэба тры месяцы, каб выслаць гатовае рашэньне! Цяпер чакаю плястыкавую карту. Але пакуль не атрымаю рашэньне фізычна, на паперы зь пячаткай, і саму плястыкавую карту, лічу, што дакумэнтаў няма. Праз пару дзён будзе год і 3 месяцы, як я падалася на міжнародную абарону — вось такі цяпер тэрмін чаканьня. Пачакаю плястыку да лютага — і зноў паеду ва Ўправу тузаць польскіх чыноўнікаў», — кажа Алена.
«Як гэта будзе на практыцы — пабачым»
Такім чынам, рэальнасьць такая: былыя беларускія палітзьняволеныя, вызваленыя яшчэ ў 2024 годзе, часам чакаюць у Польшчы дазволаў на жыхарства па 12–15 месяцаў. «Сьвежай» партыі памілаваных абяцаюць значна паскорыць працэс легалізацыі. Ці не атрымаецца, што тыя, хто ўжо даўно чакае легалізацыі, будуць адсунутыя яшчэ далей у той «чарзе»?
Юрыстка, заснавальніца ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская згодная, што атрымліваецца дыспрапорцыя, бо ані ў першым, ні ў другім выпадку былыя палітзьняволеныя не выбіраюць такога шляху.
Ганна Маціеўская
«Я згодная, што атрымліваецца такі „дыхатамічны“ падзел. Вядома, мы можам цешыцца, што камусьці, магчыма, будзе лягчэй. Але так, ёсьць пытаньні. Паводле нашых зьвестак, невялікія зрухі ў лепшы бок ёсьць: у сярэдзіне 2025 году час чаканьня быў 12 месяцаў, на сёньня 10-11 месяцаў. Але гэта не азначае, што ўсе заяўнікі атрымліваюць дакумэнты за такі тэрмін.
Што тычыцца апошняй вялікай хвалі палітзьняволеных, была агучана лічба, што справы будуць разглядацца 2–3 месяцы. Сюды ўваходзіць прыкладна адзін месяц разгляду справы органамі іміграцыі, але з умовай, што самі палітзьняволеныя даволі хутка напішуць сваё інтэрвію. Другое — не адны іміграцыйныя службы залучаныя ў працэс наданьня міжнароднай абароны. У ім удзельнічаюць службы бясьпекі. Таму як гэта будзе на практыцы — пабачым», — кажа заснавальніца «Партызанкі».
Абмен дакумэнтаў
Ненашмат лепшая сытуацыя з абменам картак дазволаў на жыхарства, калі іх тэрмін дзеяньня заканчваецца. Асабліва ў асобных рэгіёнах кшталту Трыместа (Гданьск — Сопат — Гдыня), Ніжнесылескага ваяводзтва (Уроцлаў), а таксама ў Кракаве.
Вольга (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) у адным з гарадоў над морам 2 гады таму чакала год і адзін месяц так званага падарожнага дакумэнту (які ў Польшчы выдаюць замест беларускага пашпарта з скончаным тэрмінам дзеяньня. — РС).
«Калі яшчэ дзейнічаў той дакумэнт, у мяне заканчваўся тэрмін ДНЖ. 13 кастрычніка 2024 году падала дакумэнты на замену карты. Але Банк PKO заблякаваў пэўныя паслугі кшталту інтэрнэт-банкінгу — маўляў, у мяне няма дзейнага пасьведчаньня асобы. Былі і іншыя нязручнасьці. У апошні дзень сьнежня 2025 году мне даслалі СМС пра тое, што ваявода падпісаў рашэньне аба мне. Месяц яшчэ чакала карту. У цэлым не прайшло і паўтара года чаканьня», — кажа Вольга.
Зараз яна зьбіраецца падаць заяву на новы дакумэнт, які б мог замяніць ёй для паездак беларускі пашпарт. Раней бяз карты не магла гэтага зрабіць. Жанчына ў шоку ад таго, што яшчэ год давядзецца чакаць. Да таго ж дакумэнт выдаюць тэрмінам толькі на адзін год.
«Так што ўсе мае 4 гады жыцьця ў Польшчы — гэта чаканьне дакумэнтаў» — падсумоўвае беларуска.
Ва Ўроцлаве шматдзетная сям’я ІТ-спэцыяліста зь Беларусі Вадзіма чакае карты ДНЖ для пяці сямейнікаў год і адзін месяц, і на падставе не міжнароднай абароны, а легалізацыі ў межах бізнэсу. Сям’я мае пастаянныя праблемы ў банку, дзіцячым садку, школе, паліклініцы.
Столькі ж і нават больш чакаюць беларусы пры замене карты ДНЖ.
Беларускае шэсьце ў Лодзі, ілюстрацыйнае фота
Управа (urząd, выканаўчая ўлада) Ніжнесылескага ваяводзтва выплаціла ўжо больш за 12 мільёнаў злотых кампэнсацыі за празьмерна доўгія працэдуры ці бязьдзейнасьць, зьвязаную зь легалізацыяй знаходжаньня і працы іншаземцаў. Астатнія 15 ваяводзкіх установаў выдаткавалі на гэтыя мэты больш за 80 тысяч злотых, паведамляе Найвышэйшая кантрольная палата (NIK) Польшчы, якая назвала адной з прычын праблемы непразрысты і патэнцыйна карупцыйны мэханізм плянаваньня візытаў для іншаземцаў, які гадамі дзейнічаў у Ніжнесылескай ваяводзкай управе.
«Цяжка сказаць, ці будзе палёгка»
Юрыстка Ганна Маціеўская кажа, што ўсім беларусам вядома пра «чорныя дзіры» кшталту Ўроцлава, Трыместа, Кракава.
У сярэдзіне 2025 году ўвялі электронную сыстэму падачы і апрацоўкі дакумэнтаў для паскарэньня працэсу. Таму Маціеўская спадзяецца, што тэрміны будуць скарачацца.
«Але калі глядзець на колькасьць заяўнікаў, а да таго ж шмат украінцаў будуць падавацца на новыя ДНЖ, бо ў іх неўзабаве заканчваецца статус часовай аховы, дадзены ім у адпаведнасьці з генэральным актам праз вайну, то цяжка сказаць, ці будзе палёгка. Так што лічбавізацыя паскарае працэс, што ёсьць плюсам, але ж, з другога боку, колькасьць украінцаў не памяншаецца.
Хіба што ў трэку міжнароднай аховы будуць нейкія палёгкі: больш украінцаў будуць падавацца на эканамічны трэк (дзе яны будуць атрымліваць ДНЖ па лініі працы, бізнэсу, а не міжнароднай абароны). Бо ў першай інстанцыі тут выдаюць рашэньні розныя органы, адказныя за эканамічную міграцыю і за ўцекачоў.
Але ці хутка зьменіцца сытуацыя ва Ўроцлаве, Трымесьце, іншых сумна вядомых у гэтым пляне гарадах — цяжка сказаць. Вялікіх зрухаў, паскарэньня не выпадае хутка чакаць», — кажа Ганна Маціеўская.
«Перагружанасьць ваяводаў»
Сярэдні тэрмін разгляду справаў у 2025 годзе склаў 340 дзён (у 2024 — 302 дні). У гэты тэрмін ня ўключаная так званая карэспандэнцыйная фаза — пэрыяд ад моманту высланьня заяўкі поштай да афіцыйнага пачатку працэдуры. У Мазавецкім ваяводзтве чакаюць першага выкліку ва Ўправу ў справах іншаземцаў 8–9 месяцаў, ў іншых ваяводзтвах можа быць і значна даўжэй.
Паводле шэфа Ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы Томаша Цытрыновіча, надзвычай доўгая легалізацыя мае прычынай перагружанасьць ваяводаў. Сёньня на разглядзе ў ваяводаў Польшчы каля 700 тысяч справаў легалізацыі іншаземцаў.
Паводле спадара Цытрыновіча, якога цытуе Польскае радыё, каля 90 тысяч іншаземцаў знаходзяцца ў Польшчы з часовым дазволам на жыхарства, больш за 40 тысяч — з пастаянным ДНЖ, крыху больш за 2 тысячы маюць статус доўгатэрміновага рэзыдэнта Эўрапейскага Зьвязу.