Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, справу завялі паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага артыкулам 219 Крымінальнага кодэксу Беларусі — зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці па неасьцярожнасьці, што прывяло да стратаў у вялікім памеры.
«Эпіцэнтрам выбуху была кухня кватэры № 107. Выбуху папярэднічаў пажар, які пачаўся ў кухоннай шафцы побач з газавай плітой у выніку занясеньня крыніцы запальваньня. З прычыны невялікага ўзроўню кіслароду ўнутры гэтай прасторы пажар адбываўся ў выглядзе тленьня. Потым перайшоў на рызьзё, паперу, якая захоўвалася ўнутры шафкі, а пасьля на яе сьценкі. У выніку працэсаў гарэньня быў дэфармаваны і пашкоджаны гнуткі гумовы шлянг, які злучаў газавую пліту з магістральным трубаправодам. Паколькі вэнтыль знаходзіўся ў становішчы „адкрыта“, газ выйшаў і пачаў канцэнтравацца ў прасторы кухні. Пасьля адбылося яго ўзгараньне і выбух», — сказаў Максім Спрынцын.
Артыкул, паводле якога завялі справу, прадугледжвае адказнасьць у выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, арышт на 6 месяцаў ці абмежаваньне волі тэрмінам да двух гадоў.
«З увагі на складанасьць і працаёмістасьць, а таксама вялікі грамадзкі рэзананс, папярэдняе расьсьледаваньне даручылі сьледчаму ўпраўленьню. Створаная сьледчая група, у якую ўвайшлі найбольш дасьведчаныя кваліфікаваныя супрацоўнікі», — сказаў Максім Спрынцын.
Выбух у шматпавярховіку ў Гомлі быў 17 сьнежня 2025 году. Як высьветлілася пазьней, выбухнуў бытавы газ. У выніку часткова дэфармаваліся і абрынуліся перакрыцьці ў кватэры, дзе гэта адбылося, і яшчэ ў некалькіх кватэрах. Празь некалькі дзён пад заваламі знайшлі цела жанчыны 1968 году нараджэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі разьбіраюць верхнія паверхі жылога дому, дзе ад выбуху загінула жанчына