На 10 дзён арыштавалі жыхара Менску, які даў па карку свайму 9-гадоваму сыну

Ілюстрацыйная выява

Гэта ня першы выпадак адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці бацькоў за гвалт над дзецьмі.

Жыхара Менску, які ўдарыў свайго 9-гадовага сына, арыштавалі на 10 дзён. Так пастанавіў суд Маскоўскага раёну сталіцы, паведамляе Генэральная пракуратура з спасылкай на прэс-службу менскай пракуратуры.

Мужчыну паставілі ў віну ч. 2 арт. 10.1 КаАП (наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня і іншыя гвалтоўныя дзеяньні або парушэньне ахоўнага прадпісаньня). Паведамляюць, што 23 кастрычніка 2025 году бацька «падчас рыхтаваньня хатняга заданьня» з сынам раззлаваўся на таго і «даў па карку». Хлопчык стукнуўся тварам аб кнігу, на твары ўтварылася гематома.

23 кастрычніка летась паведамлялі, што на 38-гадовага жыхара Горадні завялі крымінальную справу паводле арт. 153 КК (наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня) — за пабіцьцё ўласнага сына.

Паводле абласной пракуратуры, 4 верасьня 2025 году кіраўніцтва адной з школаў паведаміла ў міліцыю Горадні, што на целе вучня выяўленыя пашкоджаньні, праз дрэннае пачуваньне ён шпіталізаваны ў Горадзенскім абласным дзіцячым шпіталі. Высьветлілася, што ўвечары 3 верасьня дома бацька ня менш за 10 разоў ударыў 14-гадовага сына кулаком па галаве і целе — за «дрэнныя паводзіны» хлопчыка ў школе.

2 кастрычніка паведамлялі, што сямёра бацькоў прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за фізычнае пакараньне дзяцей з пачатку 2025 году ў Берасьцейскай вобласьці.

Як і ў выпадку ў Горадні, у Берасьці прызнавалі, што дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пабіць малога за 126 рублёў. Чаму ўлады Беларусі ня могуць спыніць гвалт над дзецьмі