У Вільні адкрылася выстава дакумэнтаў, лістоў і здымкаў 1926 году, якія сьведчаць пра надзеі беларусаў сто гадоў таму. ФОТА

Выстава беларускіх дакумэнтаў, лістоў і здымкаў 1926 году. Вільня, 28 студзеня 2026

Карыкатуры Язэпа Драздовіча, віленскае выданьне «Новай зямлі» Якуба Коласа, сардэчныя лісты беларускай гімназісткі Зоі Каўшанкі. У Вільні адкрылася выстава пра бурлівае беларускае жыцьцё ў 1926 годзе па абодва бакі мяжы, што разьдзяляла Заходнюю Беларусь у складзе Польшчы і БССР.

Экспазыцыя адкрылася ў Беларускім доме ў Вільні и завецца «1926. Выстава пра будучыню». Дакумэнты, сабраныя пад шклом на стэндах і вывешаныя на сьценах, а гэта кнігі, паштоўкі і асабістыя лісты, рэдкія фатаздымкі, — ўсё ўзята з фондаў Віленскага беларускага музэю імя Івана Луцкевіча. Аўтарка ідэі экспазыцыі — дырэктарка музэю Паўліна Вітушчанка. Экспанаты, якія яна выбрала, тычацца беларусаў, што жылі сто гадоў таму ў Вільні і Менску, іхнага жыцьця, турбот, палітычных спрэчак, асабістых мараў і надзеяў. Праз стагодзьдзе мы маем шанец да гэтага дакрануцца, пабачыць і паспрабаваць зразумець нашых ужо далёкіх у часе суайчыньнікаў, лічаць арганізатары выставы.

«Гэта быў чарговы год намаганьняў вярнуцца да нармальнасьці пасьля заняпаду Першай усясьветнай, не падазраючы, які пачварны заняпад чакае краіну ўжо неўзабаве, падчас Другой усясьветнай», — напісана ў анатацыі да выставы.

Экспанаты сьведчаць пра аптымізм, гумар, надзею, творчасьць беларусаў.

Выкладчыкі і навучэнцыі Віленскай беларускай гімназіі. Чацьвёртая зьлева у верхнім шэрагу Зоя Каўшанка.

Выставу адкрываюць паштоўкі і лісты з асабістага архіву вядомай віленскай беларускі Зоі Каўшанкі. Вось яе, навучэнку Беларускай гімназіі, віншуюць паштоўкай з новым 1926 годам, а вось аднакляснік прызнаецца ёй у каханьні. А потым выказваецца другі малады чалавек і таксама настойліва чакае ад яе ўвагі. Зоя Каўшанка пражыла бурлівае жыцьцё, зьведала ўцёкі зь Вільні ад Чырвонай арміі ў 1944 годзе, лесапавал у савецкім канцлягеры, амністыю і вяртаньне ў родны горад, ужо літоўскі. Зоя Коўш пабралася шлюбам з чалавекам, якога сустрэла далёка ад радзімы, але ўсё жыцьцё захоўвала лісты, напісаныя юнацкім почыркам па-беларуску.

Сатырычныя выявы з часопісу «Маланка», які пачаў друкавацца ў Вільні ў 1926 годзе.

«Чаму?» — пытаюцца аўтары выставы ў наведнікаў і прапануюць яшчэ адну вандроўку ў 1926 год. Тады ў Вільні пачаў выходзіць ілюстраваны гумарыстычны часопіс «Маланка», які адмыслоўцы называюць найлепшым беларускім выданьнем гэтага жанру. Пад агонь той сатырычнай маланкі патраплялі розныя беларусы. Як тутэйшыя гаспадары жыцьця — прадпрымальнікі, абшарнікі, палітыкі й паліцыянты, гэтак і савецкія бюракраты або міліцыянты. На выставе бачым карыкатуру на «савецкі рай»: сабака брэша на ўзброеных міліцыянтаў, якія сочаць за чаргой беларусаў каля крамы «Амэрыканская мука». З «Маланкай» супрацоўнічалі найлепшыя беларускія літаратары, прыкладам Францішак Аляхновіч, ён жа і маляваў для часопісу, як і славуты мастак і краязнаўца Язэп Драздовіч ды вучань Фэрдынанда Рушчыца мастак Язэп Горыд. Дарэчы, насьценныя росьпісы Горыда дагэтуль можна пабачыць у Вільні, на адным з дамоў пры Дамініканскай вуліцы.

Сатырычныя выявы з часопісу «Маланка», які пачаў друкавацца ў Вільні ў 1926 годзе.

У 1926 годзе ў Вільні адкрылася друкарня імя Францішка Скарыны. Яна праіснавала да 1941 году, свае выданьні ў ёй друкаваў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, які вельмі шмат карыснага зрабіў для тутэйшых беларусаў, бо дапамагаў сяляням яднацца ў каапэратывы.

У друкарні імя Скарыны, якая адкрылася ў Вільні ў 1926 годзе

Паказвае выстава і падзеі 1926 году ў Менску. Тады Якуб Колас атрымаў званьне народнага паэта, другім пасьля Янкі Купалы.

Аляксандар Уласаў, рэдактар «Нашай нівы», якая працягвала выходзіць у міжваеннай Вільні, рэагуе на падзею паказальным допісам:

«Чуў твой голас, Якубе, праз радыё, чуў і гарачае прывітаньне менскай публікі».

Віленскае выданьне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» 1931 году

Даўнія сябры-аднадумцы працягваюць кантактаваць, але часьцей праз радыё. У Вільні ў тым жа годзе друкуюць «Новую зямлю» Якуба Коласа, а праз два гады выйдзе і паэма «Сымон-музыка». Праўда, з купюрай радкоў, якія выдаўцам здаліся небясьпечнымі ў варунках Польшчы:

«Родны край! Ты разарваны,

І на захад ад мяжы

Пан пыхлівы, надзіманы

Моцна сьцягвае гужы,

Каб з варшаўскае майстэрні

Беларусу сшыць халат,

Ды ні ксёндз, ні пан ня верне

Плынь гісторыі назад!»

Яшчэ адной важнай падзеяй 1926 году сталася Акадэмічная канфэрэнцыя аб рэформе беларускага правапісу, якая прайшла ў Менску.

«З Літвы на канфэрэнцыю прыехалі рэктар [Ковенскага ўнівэрсытэту] Мікалас Біржышка і Вацлаў Ластоўскі, з Латвіі Кастусь Езавітаў і Ян Райніс, з Чэхаславаччыны Ўладзімер Жылка, з Бэрліну Макс Фасмэр — усяго 69 удзельнікаў. Гэта быў час росквіту беларускай лінгвістыкі», — адзначаюць аўтары выставы, якая дэманструе гэтую думку цэлым шэрагам экспанатаў.

Паштоўкі і альбом зь сямейнага архіву Зоі Каўшанкі. Выстава беларускіх дакумэнтаў, лістоў і здымкаў 1926 году. Вільня, 28 студзеня 2026

На выставе экспануюцца паштоўкі, падпісаныя беларускімі паэтамі. Адна зь іх — ад беларускага настаўніка Сяргея Новіка, які ў пачатку 1926 году інфармуе адрасата, віленскага кнігара Станіслава Станкевіча:

«П’еску сваю дашлю ў найбліжэйшым часе».

Паштоўка, якую даслаў Сяргей Новік-Пяюн

Будучы аўтар словаў і музыкі славутай песьні «Зорачкі» Сяргей Новік-Пяюн тады паміма сваёй волі апынуўся ў польскім Памор’і, але марыў вярнуцца на родную Нясьвіжчыну. «Прыляту тады, як птушка, ў родны край», — напіша паэт пра сваю мару вярнуцца ў Беларусь.

Дапаможнікі для сялян і рамесьнікаў, якія выйшлі з друку ў 1926 годзе ў Менску

«Экспанаты, паказаныя на выставе, даюць магчымасьць убачыць, што хвалявала тагачасных беларусаў. Таму мы лічым, што гэтая выстава пра будучыню», — кажуць у Віленскім беларускім музэі імя Івана Луцкевіча і з гумарам папярэджваюць наведнікаў, што праз сто гадоў зробяць выставу пра 2026 год. Каб мы задумаліся, што ж на такой выставе будзе паказана.

Выставу можна агледзець з серады па нядзелю ад 14:00 да 20:00. Уваход вольны. Музэй разьмешчаны пад адрасам Віленская вул. (Vilniaus g.), дом 20. Тых, хто ня ў Вільні, музэй запрашае азнаёміцца з экспанатамі выставы ў сваім віртуальным сховішчы, дзе можна «пагартаць» выстаўленыя кнігі і бліжэй паразглядаць лісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве адзначаюць 35-я ўгодкі трагічных падзеяў 1991 году, калі краіна выходзіла з СССР. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прапусьцілі празь мясарубку». Беларуская мастачка ў Вільні прэзэнтавала інсталяцыю пра мігрантаў. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы адкрылася выстава, прысьвечаная беларускаму палітвязьню Міколу Статкевічу. ФОТА