Пакуль Марыя Калесьнікава сядзела ў турме, нямецкі банк заблякаваў яе рахунак

Былая палітзняволеная Марыя Калесьнікава, 15 студзеня 2026

Былая палітзняволеная Марыя Калесьнікава заклікала ЭЗ да кантактаў зь Беларусьсю дзеля будучай бясьпекі кантынэнту, але пры ўмове вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій.

Як паведаміла 28 студзеня экс-палітзьняволеная Марыя Калесьнікава ў эфіры нямецкага тэлеканалу ARD, пакуль яна сядзела ў турме, нямецкі Commerzbank заблякаваў яе рахунак, адкрыты 17 гадоў таму, і цяпер яна ня можа скарыстацца сваімі сродкамі.

«Даволі пацешная гісторыя. У мяне быў рахунак у Commerzbank 17 гадоў. Калі я была ў калёніі, натуральна, я не магла ім кіраваць. І ў нейкі момант яго заблякавалі. Цяпер мой рахунак заблякаваны, і ў мяне няма доступу да яго з-за санкцыяў супраць Беларусі. Я таксама зь Беларусі, і гэта закранае і мяне, хаця я зараз у Нямеччыне са сваім [заблякаваным] рахункам, які быў адкрыты 17 гадоў таму. І я дагэтуль нічога не магу з гэтым зрабіць», — заявіла Калесьнікава.

Калесьнікава сярод іншага прыгадала масавую падтрымку пераменаў сярод беларусаў, ад гарадоў да вёсак, а таксама тое, што многія былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Марыя заявіла, што парвала пашпарт не для таго, каб аказацца ў беларускай турме, а каб быць з народам Беларусі. «Такая была ідэя», — сказала яна.

Яна заявіла, што ня мела магчымасьці размаўляць з іншымі жанчынамі ў зьняволеньні. Падчас ізаляцыі яна ня мела магчымасьці кантакту з сям’ёй і сябрамі, але адчувала іх любоў і падтрымку і разумела, што яна не адна. За гэтыя гады Марыя прачытала 700 кніг.

Калесьнікава таксама заявіла ў інтэрвію, што Беларусь — не агрэсар, але ня мае цяпер амбасадара ў ЭЗ ў адрозьненьне ад Расеі, і што беларускі народ — ня частка расейскага народу, ён ня хоча вайны і ня хоча прымаць у ёй удзел.

Марыя заклікала ЭЗ да кантактаў з Беларусьсю дзеля будучай бясьпекі кантынэнта, але пры ўмове вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій. Асабліва яна падкрэсьліла неабходнасьць адкрыцьця межаў ЭЗ для беларусаў, каб людзі ня былі зачыненыя ў краіне.

Марыя Калесьнікава раней казала, што перажыты досьвед турмаў і рэпрэсій дае былым і цяперашнім палітвязьням маральнае права выказвацца без аглядкі на асуджэньне.

«Тыя з нас, хто прайшоў праз гэтую мясарубку, маюць маральнае права гаварыць усё, што хочуць, і дзякаваць за такія ўчынкі. У нас ёсьць гэтае права, і я буду ім карыстацца», — падкрэсьліла яна.

Калесьнікава адзначыла, што для яе галоўнай каштоўнасьцю застаецца чалавечае жыцьцё, а не палітычныя ацэнкі ці рэакцыя публікі. Яна падкрэсьліла, што гатовая адкрыта гаварыць пра гэта, нават калі яе словы выклікаюць рэзкую крытыку.

Марыю Калесьнікаву затрымалі ў верасьні 2020 году пасьля спробы сілавікоў сілай вывезьці яе з Беларусі. Яна парвала пашпарт і засталася ў краіне. У 2021 годзе суд прысудзіў ёй 11 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы, хто прайшоў гэтую мясарубку, маем маральнае права гаварыць усё, што хочам, — Калесьнікава ў інтэрвію Золатавай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыя Калесьнікава: Не шкадую, што парвала пашпарт