У Коўне на 25 сакавіка заплянавалі адкрыцьцё шыльды Беларускаму Асобнаму Батальёну

Байцы Беларускага асобнага батальёну, 1920-я гад

Аднак поўнай сумы, вызначанай на праект, пакуль не сабралі. Арганізатары спадзяюцца на дафінансаваньне з боку літоўскай дзяржавы.

Ініцыятыву ўсталяваньня шыльды вырашылі прымеркаваць да сьвята, якое адзначаюць нацыянальна арыентаваныя беларусы па ўсім сьвеце — Дня Волі. Менавіта таму адкрыцьцё памятнай шыльды ў Коўне заплянавалі на 25 сакавіка.

Шыльду выканаў з каменю скульптар Кястуціс Ланаўскас.

Беларускі Асобны Батальён дысьлякаваўся ў 1920–1921 гадах у Шанцаўскіх казармах у Коўне і ваяваў за незалежнасьць Літоўскай Рэспублікі, умацоўваючы яе абарону ў баях супраць бальшавікоў. 51 беларускі добраахвотнік быў узнагароджаны Крыжам Віціса — найвышэйшай вайсковай адзнакай Літвы — за адвагу і доблесьць.

Батальён нават меў сваю футбольную каманду, беларусы ўзялі ўдзел у першым у гісторыі першынстве незалежнай Літвы.

Праект працягваюць фінансаваць ахвяраваньнямі: цяпер сабрана каля 2800 з 3900 €, піша Беларускі інстытут публічнай гісторыі. Арганізатары таксама чакаюць рашэньня пра магчымае дафінансаваньне ад Дэпартамэнту нацыянальных меншасьцяў Літвы. Паралельна працягваецца збор.

Задума ўсталяваньня памятнай шыльды зьявілася ў беларусаў Коўна ў 2023 годзе, у час рэстаўрацыі магілы Клаўдзія Дуж-Душэўскага, архітэктара і стваральніка эскізу нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцяга. Менавіта тады дасьледнікі высьветлілі, што ў Коўне дысьлякаваўся Беларускі асобны батальён. Пэўны час спатрэбіўся на пошукі інфармацыі пра батальён і высьвятленьне месцаў яго разьмяшчэньня. Увосень 2024 году былыя казармы батальёну знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Коўна абвясьцілі збор на памятную шыльду Беларускаму асобнаму батальёну ў літоўскім войску


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сем беларускіх сьлядоў літоўскай незалежнасьці