Украінка Алена Дуднік разам з мужам, швайцарцам беларускага паходжаньня Габрыелем Шаровым, ехалі 13 кастрычніка з малым дзіцем у цягніку па Швайцарыі. Расейскамоўны мужчына, які сядзеў па суседзтве, пачаў агрэсіўна да іх чапляцца. Яго абурыла ўкраінская мова, на якой размаўляла Алена. Расейскамоўны мужчына аказаўся грамадзянінам Латвіі Аляксандрам Вабіксам. Ён лаяўся матам, пагражаў забойствам, паказваючы пальцам на сям’ю. Алена запісала інцыдэнт на відэа.
Пасьля гэтага некаторыя мэдыі паведамілі, што Вабікса нібыта арыштавалі. Аднак Алены Дуднік зьняпраўдзіла гэта. У камэнтары для Радыё Свабода яна патлумачыла, што толькі нядаўна паліцыя запрасіла яе з мужам на допыт па гэтай справе.
«Гэта быў допыт у паліцыі для азнаямленьня пракуратуры з нашымі паказаньнямі і матэрыяламі справы. Наколькі я ведаю, неўзабаве павінны дапытаць і самога Вабікса, а таксама жанчыну, якая была разам зь ім. На дадзены момант гэта ўсё». — сказала Свабодзе Алена.
Партнэрка Вабікса — украінка з Адэсы, якая мае статус уцякачкі ў Швайцарыі. Паводле паведамленьняў украінскіх СМІ і сацыяльных сетак, Вабікс раней пагражаў іншым жанчынам фізычным гвалтам і сэксуальнымі дамаганьнямі. На ўдакладняючае пытаньне Свабоды, ці Вабікс увесь гэты час знаходзіцца на свабодзе, Алена Дуднік дадала:
«Так! І ніхто яго не зьбіраецца затрымліваць, паліцыя пакуль адказала нам, што ня бачыць прычыны, па якой яго трэба арыштоўваць».
17 кастрычніка Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі (VDD) распачала крымінальны працэс супраць Вабікса. Справа распачата ў адпаведнасьці з часткай трэцяй артыкула 78 Крымінальнага кодэксу Латвіі — за дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і этнічнай варожасьці і варажнечы супраць украінцаў, зьвязаныя з гвалтам і пагрозамі. Свабода накіравала ў VDD запыт, на якім этапе зараз знаходзіцца гэты працэс. Да публікацыі гэтай навіны адказу мы пакуль не атрымалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я трымаўся, спрабаваў яго супакоіць». У Швайцарыі беларус абараніў сям’ю ад агрэсіўнага расейскамоўнага пасажыра ў цягніку