Праваабаронцы «Вясны» далі парады, што ім крок за крокам рабіць па вызваленьні.
Яшчэ больш складаная праблема — як дамагчыся пэнсійных выплатаў тым былым вязьням пэнсійнага ўзросту, якія вымушана зьехалі за мяжу самі або іх вывезьлі.
«Мінус 700 рублёў»
Менавіта ў такім становішчы апынуўся былы палітзьняволены Генадзь Фядыніч, якога вызвалілі з калёніі ў верасьні 2025 году, але прымусова без дакумэнтаў вывезьлі зь Беларусі. Паводле Генадзя Фядыніча, часткаю ягонай пэнсіі завалодаў КДБ Беларусі, вярнуць гэтыя грошы неўзабаве былы вязень не спадзяецца. Але ад атрыманьня законнай пэнсіі Фядыніч не адмаўляецца.
Былому лідэру прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу 68 гадоў. У 2022 годзе, калі Фядыніча арыштавалі, ён ужо атрымліваў пэнсію — каля 850 рублёў штомесяц. Пакуль цягнуліся сьледзтва, суд і апэляцыя, пэнсія штомесяц спраўна пералічвалася на ягоны рахунак пэнсіянэра ў банку.
«Тады яшчэ жонка магла зьняць гэтыя грошы з карткай», — згадвае Генадзь Фядыніч.
Праз год, калі Фядыніча накіравалі для адбыцьця пакараньня ў папраўчую калёнію № 2 у Бабруйску, грошы пачалі прыходзіць на ягоны рахунак у калёніі, жонка доступу да іх ужо ня мела, але Генадзь мог пералічваць ёй частку пэнсіі грашовымі пераводамі. Сам жа мог скарыстацца толькі малою часткаю сваёй пэнсіі, ды і то не гатоўкай.
«Пэнсія туды прыходзіла цалкам, нічога не забіралі, але як „экстрэміст“ я мог карыстацца толькі дзьвюма базавымі велічынямі, на той час гэта было 84 рублі. Гэта каб схадзіць у турэмную краму і нешта купіць. Плюс штомесяц зь мяне здымалі плату за рознае абслугоўваньне і харчаваньне ў калёніі — гэта яшчэ недзе каля 300 рублёў забіралі штомесяц. Астатняе мог пералічыць жонцы, больш нікому», — расказаў Генадзь Фядыніч.
Летась 10 верасьня ў калёніі Генадзю Фядынічу паведамілі пра вызваленьне, загадалі сабраць рэчы і выдалі на рукі пэнсійныя грошы, якія заставаліся на ягоным рахунку, — прыкладна 700 рублёў. Але з бабруйскай калёніі Фядыніча павезьлі не адразу на мяжу, а спачатку ў Менск, у КДБ. Там яму, як і яшчэ 13 вязьням, давялося правесьці ноч у камэры, а ўжо 11 верасьня ўсіх вывезьлі на мяжу зь Літвой. Але выявілася, што гатоўкі ў Фядыніча ўжо не было. Былы палітвязень мяркуе, што супрацоўнікі спэцслужбы папросту скралі грошы.
«А як яшчэ думаць? Пры паступленьні ў КДБ канвэрт з 700 рублямі пэнсіі адкрылі, грошы пералічылі, унесьлі ў сьпіс маіх рэчаў і забралі, сказаўшы: „потым атрымаеш“. А як наступным днём вывозілі з КДБ, торбу аддалі і падсунулі на подпіс паперу, што ўсе рэчы на месцы. Правяраць не было часу, я мусіў падпісаць і толькі ў Літве высьветліў, што грошай няма. Скралі — як яшчэ гэта назваць!» — абураецца былы палітвязень.
Цяпер Фядыніч думае, што на тыя грошы варта махнуць рукой, бо «даказаць нічога ня ўдасца». Што да пэнсіі, дык за яе Фядыніч зьбіраецца яшчэ пазмагацца.
Пяты месяц ён жыве ў Вільні, пэнсіі не атрымлівае і нават ня можа даведацца, ці яе пералічваюць на ягоны рахунак.
«Калі жонка туды зьвярнулася, ёй сказалі: „Вы не маеце дачыненьня“. Зьвярнуўся тут па дапамогу да юрыста, спадзяюся, што нешта атрымаецца, бо закон на маім баку. За сваю пэнсію яшчэ пазмагаюся», — кажа былы палітвязень, пэнсіянэр Генадзь Фядыніч.
Пэнсіі тым, хто зьехаў за мяжу
Юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва патлумачыла, што каб аднавіць атрыманьне сваёй пэнсіі, былому вязьню трэба па вызваленьні адразу зьвярнуцца ва ўпраўленьне сацыяльнай абароны ў месцы жыхарства.
А калі былы зьняволены апынуўся за мяжой, такіх дзеяньняў будзе недастаткова.
«Аб пераезьдзе на пастаяннае месца жыхарства за мяжу пэнсіянэры абавязаны паведамляць установе, якая налічвае пэнсію (арт. 93 Закону „Аб пэнсійным забесьпячэньні“). У гэтым выпадку пэнсія выплачваецца за шэсьць месяцаў наперад, а далей выплаты прыпыняюцца (арт. 92 Закону). Калі ж не паведаміць і ўстанове стане вядома пра выезд, то налічаную пасьля пераезду пэнсію могуць прымусова спагнаць з разьліковых рахункаў пэнсіянэра (арт. 83 Закону)».
«Вясна» даводзіць, што ў выпадках, калі ў Беларусі з іншымі дзяржавамі заключана пагадненьне аб пэнсійным забесьпячэньні сваіх грамадзян, пэнсія выплачваецца згодна з такім пагадненьнем.
У Беларусі адпаведныя пагадненьні ёсьць з Таджыкістанам (1998), Літвой (1999), Расеяй (2006), Латвіяй (2008), Азэрбайджанам (2013), Чэхіяй (2018), Эстоніяй (2018) і Польшчай (2019). Плюс да гэтага ёсьць пагадненьне з краінамі СНД (1992) і ЭАЭС (2019). Украіна такое пагадненьне скасавала пасьля пачатку вайны з Расеяй, якую падтрымалі ўлады Беларусі.
Але гэта не гарантуе, што беларускія службы сацыяльнай абароны адкажуць на такія запыты з-за мяжы. На адзін з такіх зваротаў зь Літвы ад мясцовай сацыяльнай службы на карысьць былога палітвязьня адказу няма паўтара году.
«Калі з краінай жыхарства пэнсіянэра Беларусь ня мае пагадненьня, то забесьпячэньне яго пэнсіяй будзе залежаць ад палажэньняў пэнсійнага заканадаўства краіны, дзе ён цяпер жыве», — патлумачылі ў «Вясьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Вацлаў Арэшка сустрэў за кратамі 71-ы дзень нараджэньня. Калядную паштоўку яму візуальна апісвалі іншыя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генадзь Фядыніч расказаў пра сваё здароўе пасьля турмы: «Ня вельмі добрае» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такіх скоцкіх адносінаў, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Вялікая размова з «пэнсіянэркай-рэцыдывісткай» Аленай Гнаўк