Але праз пэўны час гэтыя паведамленьні выдалілі. Свабода пасьпела іх захаваць.
Рэдакцыі вядомыя яе імаверныя імя і прозьвішча, але згодна з Цывільным кодэксам Украіны «імя фізычнай асобы, якая затрымана, падазраецца ці абвінавачваецца ва ўчыненьні злачынства, ці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, можа быць выкарыстана (абнародавана) толькі ў выпадку ўступленьня ў законную сілу абвінаваўчага прысуду». Сьледзтва ў яе справе толькі пачалося.
Што было ў афіцыйных паведамленьнях ведамстваў
«35-гадовую варожую агентку затрымалі ў Кіеве, ёй абвясьцілі падазрэньне ў шпіянажы», — адзначалася ў паведамленьнях СБУ і вайсковай выведкі.
Спэцыяльная апэрацыя працягвалася некалькі месяцаў — супрацоўнікі СБУ і вайсковай выведкі дакумэнтавалі яе дзейнасьць і вялі зь ёй «апэратыўную гульню» — пад выглядам сакрэтных зьвестак ёй перадавалі дэзынфармацыю.
У СБУ сьцьвярджаюць, што з КДБ Беларусі яна супрацоўнічала з 2015 году, а ў 2020 годзе яе «камандзіравалі» для агентурнай працы на тэрыторыю Ўкраіны.
«Прыкрыцьцём служыла журналісцкая дзейнасьць — пасьля працы на падсанкцыйным канале Медзьведчука „112“ шпіёнка ўладкавалася ў адно зь вядучых мэдыя Ўкраіны», — адзначаецца ў паведамленьні.
Потым на загад куратара яна пад легендай патрэбы ў мэдычным абсьледаваньні выехала на дадатковы інструктаж у адну з краін Эўразьвязу, дзе атрымала заданьне зьбіраць інфармацыю пра беларусаў і расейцаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Апроч таго, спэцслужбы сьцьвярджалі, што затрыманая павінна была ўстанавіць сувязь з супрацоўнікамі амбасады КНР у Кіеве, каб зьбіраць інфармацыю пра дзейнасьць кітайскіх дыпляматаў ва Ўкраіне.
Пры затрыманьні ў яе сканфіскавалі смартфон і дыктафон, пры дапамозе якіх яна зьбірала закрытую інфармацыю.
Цяпер яна пад вартай. Ён пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Навіна будзе дапоўненая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абвясьцілі ў вышук блогера, які ўцёк у Менск і ўдзельнічаў у відэапраектах БелТА