«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць». Гісторыя асуджанай за данаты Натальлі Левай, якая рыхтуецца нарадзіць за кратамі

Зьняволеныя ў гомельскай жаночай калёніі, архіўнае фота

Палітзьняволеная Натальля Левая, асуджаная на 6 гадоў калёніі, чакае дзіця. Расказваем, як нараджаюць дзяцей за кратамі ў Беларусі, ці ёсьць у зьняволеных цяжарных жанчын нейкія палёгкі і прывілеі ў параўнаньні зь іншымі асуджанымі. А таксама хто выхоўвае дзяцей, якія нарадзіліся за кратамі.

2 красавіка 2025 году на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт пад назвай «Цені. Цана тэрору. Хто спансараваў экстрэмістаў і што пагражае за фінансаваньне дзяржаўнага перавароту». У ім аўтары апавядалі пра перасьлед беларусаў, якія ахвяравалі грошы «экстрэмісцкім» ці «тэрарыстычным» арганізацыям. Сярод іншага ў сюжэце паказалі апэратыўныя здымкі з допыту маладой жанчыны па імені Натальля Левая.

Натальля Левая падчас допыту, скрыншот з афіцыйнага YouTube-канала ОНТ

На відэа Натальля моўчкі сядзіць, а супрацоўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў за кадрам зьмененым голасам апавядае, што за год да арышту Натальлю выклікалі ў праваахоўныя органы і прапаноўвалі дабраахвотна паведаміць пра пераводы грошай ці крыптавалюты на адрас «экстрэмісцкіх арганізацыяў». Паводле агучанай сілавікамі вэрсіі, Натальля паведаміла пра 4 такія факты, за што ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам была вызваленая ад крымінальнай адказнасьці.

«Аднак пра 13 іншых фактаў пераводу крыптавалюты і грашовых сродкаў на агульную суму 3800 рублёў не паведаміла», — манатонна чытае чалавек за кадрам.

І рапартуе, што схаваць іх усё ж не ўдалося. Супрацоўнікі ДФР змаглі атрымаць доступ да крыптагаманца Натальлі нягледзячы на тое, што яна выдаліла і сам крытпагаманец, і код доступу да яго.

Кадры, паказаныя ў прапагандысцкай праграме, зьнятыя значна раней за красавік 2025 году. Прысуд у справе Натальлі Левай — 6 гадоў пазбаўленьня волі — судзьдзя Мікалай Сянько агучыў яшчэ 17 ліпеня 2024 году. А затрымалі жанчыну 8 траўня таго ж году, абвінаваціўшы адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім», «Фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» і «Ўдзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважаньня дзяржавы».

Усё гэта адбылося пасьля таго, як Натальля, якая з 2022 году жыла і працавала ў Польшчы, вырашыла вярнуцца на радзіму ў Беларусь.

«Даведка з КДБ»

Натальлі Левай 39 гадоў, яна родам з Кобрыня. У 2009-м скончыла Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт у спэцыяльнасьці «Выяўленчае мастацтва і народны промысел», працавала 2D-мастаком і мастаком-пастаноўнікам у IT-сфэры. Спачатку ў Synesis, пазьней у Playtika — буйной кампаніі, якая распрацоўвае мабільныя гульні.

Натальля Левая да арышту, фота spring96.org

Неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Натальля зьехала зь Беларусі ў Польшчу. Аднак вясной 2024-га яна вярнулася на радзіму. Дакладныя прычыны гэтага рашэньня невядомыя.

Пасьля абвяшчэньня прысуду ў справе Натальлі Левай яе знаёмы напісаў у сацсетках, што калегі адгаворвалі жанчыну ад вяртаньня ў Беларусь, але яна сказала, што моцна сумуе па радзіме, ужо аплаціла ў кратным памеры штаф за данаты і нават мае адпаведную паперу ад КДБ.

«У Польшчы яна звольнілася з працы ў вялікай ІТ-кампаніі — вырашыла вярнуцца дадому, — паведаміў знаёмы Натальлі. — Калегі былі ў шоку, адгаворвалі. Казала, што ў яе ёсьць даведка з КДБ аб выплачаных у кратным памеры данатах. Стамілася бяз дому. Затрымалі на мяжы. Далі 6 гадоў калёніі».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Натальлю Левую затрымалі на памежным пераходзе. Суполка «Кібэрпартызаны» з дапамогай праекту DIT і праваабарончага цэнтру «Вясна», спасылаючыся на беларускую пракуратуру, даведалася, што Натальля Левая ў 2022 годзе перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя гаманцы прадстаўнікоў «экстрэмісцкіх фармаваньняў», у тым ліку палку Каліноўскага, ня менш за 4400 рублёў.

«Здарыўся цуд»

У другой палове студзеня вызваленая 13 сьнежня 2025 году і вывезеная зь Беларусі былая галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава апублікавала ў фэйсбуку допіс, дзе апісвала цяжкія ўмовы для зьняволеных гомельскай жаночай калёніі, зь якімі яны сутыкаюцца зімой у маразы. З гэтага допісу стала вядома, што Натальля Левая за кратамі чакае дзіця.

«Больш за ўсё мяне непакоіць Наташа Левая, — напісала Золатава. — Здарыўся цуд: пасьля спатканьня з мужам яна зацяжарала. Да гэтага пáра доўга не магла завесьці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах».

Марына Золатава ў дзень вызваленьня 13 сьнежня 2025

Навіна аб цяжарнасьці палітзьняволенай жанчыны хутка разышлася па інфармацыйных рэсурсах і сацыяльных сетках. Яе пацьвердзілі і іншыя нядаўна вызваленыя палітвязьні.

«Дзяўчаткі імкнуліся яе аберагаць і вельмі за яе перажывалі, — напісала адна зь іх. — Я мару, каб Наташа як мага хутчэй апынулася дома разам з малым. Дзівосна, што жыцьцё прарасло нават у такім страшным месцы».

Інфармацыю аб цяжарнасьці Натальлі Левай у размове з Свабодай на ўмовах ананімнасьці таксама пацьвердзілі некалькі жанчын, якія адбывалі пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі. Зь іхных словаў, стан Натальлі нармальны, іншыя зьняволеныя яе ўва ўсім падтрымліваюць. Тэрмін зьняволеньня ў Натальлі сканчаецца вясной 2030 году. Усе суразмоўцы спадзяюцца, што жанчыну вызваляць раней.

Немаўляты за кратамі

Народжаныя ў Беларусі за кратамі дзеці першыя гады жыцьця адбываюць пакараньне разам з сваімі маці. Пры ўмове, што тыя ад іх не адмовіліся ці не перадалі на волю родным. Гэта вызначае 1-я частка артыкулу 95 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі.

«У папраўчых установах, дзе адбываюць пакараньне жанчыны, якія маюць дзяцей, арганізуюцца дамы маці і дзіцяці, — гаворыцца там. — У іх ствараюцца ўмовы, неабходныя для нармальнага пражываньня і разьвіцьця дзяцей. Асуджаныя жанчыны могуць зьмяшчаць у такія ўстановы сваіх дзяцей ва ўзросьце да трох гадоў, кантактаваць зь імі ў вольны ад працы час без абмежаваньняў. Ім можа быць дазволена сумеснае пражываньне зь дзецьмі».

Паводле часткі 4-й таго ж 95-га артыкулу КВК, цяжарныя і жанчыны, якія кормяць немаўлятак, могуць атрымліваць дадатковыя харчовыя пасылкі і перадачы. Таксама асуджаныя цяжарныя жанчыны на пэрыяд родаў і ў пасьляродавы пэрыяд маюць права на мэдычную дапамогу.

Зьняволеныя жанчыны ў гомельскай калёніі №4, архіўнае фота

Ёсьць яшчэ адна норма закону, якая на практыцы, з словаў праваабаронцаў, амаль не прымяняецца. Згодна з 93-м артыкулам КВК, для цяжарных або жанчын, якія маюць малых дзяцей, дапускаецца адтэрміноўка выкананьня пакараньня — да дасягненьня дзіцем трох гадоў.

Цяжарных жанчын у калёніі ставяць на мэдычны ўлік таксама, як і жанчын на свабодзе. Іх возяць у жаночую кансультацыю Гомля на абсьледаваньні і аналізы, прызначаюць узмоцненае харчаваньне — дадаюць у дзённы рацыён 30 грамаў масла, яйкі, тварог, садавіну і гародніну. Вызваляюць ад некаторых відаў грамадзкіх работ, кшталту мыцьця туалетаў.

Зьняволеных жанчын вязуць нараджаць у гарадзкую радзільню Гомля. Парадзіху суправаджае канвой. Звычайна міліцыянты знаходзяцца каля палаты, чым, бывае, палохаюць звычайных жанчын.

Адна былая палітзьняволеная, якая ў мэтах бясьпекі назвалася Ганнай, расказала Свабодзе, як асуджаная паводле «наркатычнага» 328-га артыкулу жанчына зь яе атраду трапіла ў калёнію цяжарнай. Тая апавядала, што і зь СІЗА яе пастаянна вазілі ў жаночую кансультацыю, і з калёніі таксама вазілі на ўльтрагукавое дасьледаваньне і аналізы. Нараджала жанчына ў гарадзкой радзільні.

«Але асуджаную літаральна праз тры дні выпісалі з шпіталя і яна вярнулася ў калёнію, а дзіця яшчэ пакінулі на некалькі тыдняў у

дзіцячым аддзяленьні — нібыта былі нейкія праблемы, — расказвае Ганна. — Парадзіха вельмі перажывала, што немаўля прывучаць да штучнага выкормліваньня, што яна ня зможа карміць дзіця сама.

Калі дзіця выпісалі, маці дазволілі нейкі час быць разам зь немаўляткам. Але паколькі яна не карміла грудзьмі, то яе вельмі хутка адправілі на працу. І ўжо пасьля зьмены жанчына пэўны час праводзіла зь дзіцём, але начаваць вярталася ў атрад».

Дзіцячы дом у калёніі

Дзіцячы дом у гомельскай жаночай папраўчай калёніі № 4 працуе з 1961 году, ён разьлічаны на 50 дзяцей. За амаль 65 гадоў існаваньня там трымалі за калючым дротам больш за 2000 дзяцей. У канцы 1980-х у дзіцячым доме калёніі гадаваліся 82 малыя, у 1990-х — у сярэднім 75. Цяпер — каля 35.

Дом дзіцяці ў калёніі займае асобны двухпавярховы будынак, побач уладкаваная гульнёвая пляцоўка. Сьцены памяшканьняў размалявала асуджаная мастачка. У будынку ёсьць адмысловыя памяшканьні для груднога кармленьня, мэдычны кабінэт, спальні, пакоі для гульняў, шмат цацак. Ёсьць таксама мэдычнае абсталяваньне. Зь дзецьмі займаюцца выхавальніцы. Працуюць там каля 20 чалавек: лекар, мэдсёстры, масажыст, фізіятэрапэўт, выхавальніцы.

Выпраўленчая калёнія № 4 у Гомлі, архіўнае фота

Як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, у 2019 годзе ў гомельскай калёніі зьявіўся так званы «інтэрнат» для сумеснага пражываньня маці зь немаўляткам. Калі дзіця толькі нарадзілася, маці дазваляюць быць побач зь ім. Праз паўгода пасьля родаў жанчыны выходзяць на працу, павінны працаваць на фабрыцы. Малых у гэты час даглядаюць выхавальніцы. Іх выводзяць на прагулкі, разьвіваюць, нават возяць у цырк ды на іншыя забаўляльныя захады ў горад.

Былая палітзьняволеная Алена (імя суразмоўцы зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, як у першыя дні адбываньня пакараньня, ідучы з жылога корпусу на фабрыку, яна ўбачыла купку маленькіх дзетак, якіх выхавальніцы вялі на нейкую экскурсію.

«Я іду, тупа гляджу ў зямлю, думаю пра нейкія свае праблемы, падымаю вочы — і бачу маленькае дзіцятка, якое стаіць крыху асобна, пераводжу погляд — а побач яшчэ дзясятак дзяцей! — узгадвае суразмоўца. — Спачатку была ў шоку — у калёніі, аказваецца, ёсьць дзеткі. У нашым атрадзе былі дзьве жанчыны, якія мелі малых. Яны хадзілі на працу на фабрыку. Адна карміла грудным малаком, ёй было дазволена раніцай, да пачатку зьмены, пайсьці пакарміць дзіця. На працы яна сцэджвала малако, яе вызвалілі ад некаторых абавязковых дзяжурстваў і грамадзкіх працаў. У другой жанчыны дзіцяці было два гады. Пасьля зьмены абедзьве хадзілі з малымі на прагулку».

Дзеці знаходзяцца побач з мамамі ў калёніі да трох гадоў. Калі маці да гэтага ўзросту свайго дзіцяці яшчэ застаецца за кратамі, малое або перадаюць сваякам, або зьмяшчаюць у гарадзкі дзіцячы дом.

«У калёніі апавядалі сумную і ў той жа час кранальную гісторыю — як вызвалялі жанчыну з хлопчыкам, якому было каля трох гадоў, — кажа Алена. — Ужо каля брамы калёніі дзіця запыталася: „А куды мы ідзем“? Маці адказала яму: „Дадому“. І сын разьвярнуўся і пайшоў назад у калёнію».